книжный портал
  к н и ж н ы й   п о р т а л
ЖАНРЫ
КНИГИ ПО ГОДАМ
КНИГИ ПО ИЗДАТЕЛЯМ
правообладателям

Наталка Бабіна

Рыбін горад

Віцю Панасюку,

Генку Азімуку,

Надзі Цецярук,

Марыі Карнялюк (Лёнісе),

Васілю Краўчуку,

Ксені Краўчук

і ўсім, хто не дажыў.

Гісторыя з чортам

Быў час, калі мяне страшэнна мучыў чорт. Ён цягаўся да мяне амаль штодня. У мяне былі пэўныя метады, каб прагнаць яго, але гэты без меры настойлівы экзэмпляр – нават істотай чорта не назавеш – вяртаўся і вяртаўся, выскокваў зноў і зноў у самы нечаканы час, у самых нечаканых месцах. Лысы, агідны. Брр… Паколькі на коне стаяла не больш не менш, як мая несмяротная душа, я жыла ў пастаянным напружанні. Кожную хвіліну чакаць пекла, якое можа адкрыцца пад вечкам рондаля, або за люстэркам, або пад паверхняй вады ў ванне – гэта страшна. Хто меў справу з чортам, той разумее, пра што я. Страх паралізаваў мае сілы. І вось аднойчы, зноў-такі зусім неспадзявана для сябе, я расправілася з чортам раз і назаўсёды. Вынайшла сродак. Магу параіць кожнаму. Дакладней, кожнай. Помню, стаяў вечар цяжкага душнага дня. Заматаная і запараная, я прыцяглася дадому з горада. Сцягнула сукенку, садрала валоглыя на ступаках панчошкі. Духата стомы мяшалася з духатой цела цяжкой бабы, я адчувала гэта, і, выцягнуўшы зпад сябе крывавы падклад, пайшла з пакоя ў ванную, каб залезці пад душ. І тут, у цёмным калідоры, зза рога на мяне выскачыў чорт. Ён спадзяваўся на нечаканасць, але яна ж згубіла яго самога. Менавіта ад нечаканасці, не думаючы, я пляснула яго крывавай шматкай – а цякло з мяне тады, як з рукава – па лысым чэрапе, аж пырснулі на белыя шпалеры цёмначырвоныя кропелькі. І яшчэ раз, і яшчэ, і яшчэ. Ударыўшы першы раз адрухова, я цяпер малаціла хуткахутка, з усёй нянавісцю, што так доўга назапашвалася ў маёй душы: «Згінь, згінь, згінь, нячыстая сіла!» І ён згінуў. Завішчаў і прапаў. І больш ніколі не прыходзіў.

Так я і дасюль не ведаю: ці то кроў месячных такая памоцная супраць чарцей, ці то засаромеўся ён таго, што спалохаўся смяротнай…

Так ці інакш, толькі больш яго не прыносіла. І не перашкаджаў ён мне рыць норы ў часе. А я, са свайго боку, ніколі не купляла пракладак, пакуль гэтае пытанне было для мяне актуальным. Пракладка не дапамагла б мне прагнаць чорта так, як дапамог кавалак вынашанай прасціны, насычаны крывёю.

Так што ёсць карысць ад фізіялогіі, нават такім, як я.

А пах крыві час ад часу я ні зсіль ні зтіль адчуваю ў паветры.

Кацілася торба

Пасля ўсяго, што было, я зноў прыехала сюды. Ненадоўга. Перш чым з’ехаць і больш не вяртацца.

Тут прыгожа. Прыгажэнна. Сівыя завесы дробнага дажджу падзялілі прастору на ярусы: бліжэйшы зялёна-шэры, далейшы – шэра-зялёны. Дождж сцякае па твары, па брызентавым плашчы – і тое, і другое немаладыя і чымсьці падобныя адно да аднаго. Ад старасці брызент губляе глянец, а душа – празрыстасць. Я стаю ля самай мяжы. Былой мяжы, дакладней. З правага боку да мяне даносіцца галёканне па-польску – нехта, нягледзячы на дождж, купаецца ў Бугу; злева даносіцца расейская мова – дачнікі (з тых, чые халупы яшчэ не скупіў Толікалкаголік) заўжды на варце, нават у залеву.

У брызентавым плашчы і гумовых чобатах, адзін шнар на жываце, а другі, дзеля разнастайнасці, на спіне, пальцы толькі нядаўна зрасліся, а мазалі яшчэ не сышлі – я стаю на вузкай паласе поплаву ля самай былой мяжы. Дождж ліе і ліе, і лугавіна ўжо пад тонкім слоем вады. Трава сагнулася пад вадой. Ля маёй нагі праплывае па ручаінцы яшчарка – спакойная такая, ярказялёная, з жоўтым узорам на спінцы. Яшчарка вышэйшай нацэначнай катэгорыі. У дзяцінстве, злапаўшы такую, мы радаваліся нашмат больш, чым калі ўдавалася злавіць бляклую шэранькую. Натапыраныя лапкі яшчаркі на дзіва падобныя да маленечкіх ручак дзіцяці. Лугавіна. Вада. Рыфлёная паверхня дажджавога патоку. Спакойная яшчарка з дзіцячымі далонькамі. З аднаго боку Польшча, з другога – Расея. З вузкай паласы паміж імі (не ведаю дакладна, адкуль) я чую шэпт:

Котылася торба

З вэлыкого горба,

А в тій торбі

Жыто, пшаныця,

Хлібпаляныця…

У гэтым шэпце ці то дакор, ці то кпіна, а можа, нешта накшталт паблажлівай падзякі… Гэта гаворыць да мяне зямля, насычаны дажджавой вадой чорны глей, гэта яе нячутны, з ніадкуль, невыразны, але магутны голас.

Скацілася торба, ды проста мне ў рукі.

Торба коштам жыцця.

Падстаўляеш рукі пад торбу, а ловіш смерць.

А потым стаіш тут, пад спорным дажджом, і вада сцякае па падвялым твары, плашчы вайсковага колеру, гумовых зялёных чобатах.

Зараз я вытру з морды ваду, пагляджу яшчэ раз на ярусы, на якія дождж падзяліў прастору, пайду дахаты (там захаваўся такі неразбураны куточак, дзе можна спакойна сесці і пісаць) дый занатую ўсё як ёсць па парадачку. А калі гэта будзе зроблена, паеду і больш сюды не вярнуся.

І яшчэ: не ўсё ў гэтай аповесці выдумка, не ўсе супадзенні з рэальнасцю выпадковыя. Але калі з гэтай нагоды да мяне прыпруцца так званыя афіцыйныя асобы, то я ад усяго адкручуся. Змагу. Для іх, мастацтвазнаўцаў у штацкім, дадам, што дзеянне адбываецца ў 2012 годзе.

Норы ў часе

Любімы мой занятак – рыць норы ў часе. Калі іх рыю, калі-нікалі таксама чую шэпт зямлі. Але рэдка.

Страдчэ, Любча ды Дабрацічы

Усё пайшло ў маім жыцці наперакос з самага пачатку, літаральна. Нараджаць матуля насуперак парадам сваёй маці, а маёй бабы, выправілася ў нядаўна створаную вясковую амбулаторыю. Баба Макрыня, якая не бачыла ў гэтым ніякай патрэбы, адгаворвала маю маці, па звычцы, з кіем у руках. Але біць цяжарную не наважылася. Таму маці пайшла. Тым больш яна ўсё ж такі была адукаванай маладой настаўніцай і верыла ў неабходнасць прагрэсу, медыцыны і гігіены. Верыў у гэта і фельчар, які прымаў яе роды. Ды ці веры ў яго было замала, ці вопыту, ці ён, апроч прагрэсу, верыў яшчэ і ў гарэлку, але, як толькі нарадзілася дзяўчынка (мая сястра Улянця – Влянця, як кажуць у нас), ён, нічога больш не чакаючы, узяўся зашываць падраную матуліну прамежнасць, засяродзіўшыся на тым, каб роўна класці швы.

– Нет, как же, нельзя не зашивать, – адказваў ён на просьбы змучанай парадзіхі. – Матка будет между колен болтаться. Некрасиво!

І ён шыў. Матуля, натуральна, крычала, бо калі скуру і мышцы на табе зашываюць без анестэзіі, ды па зболеным, ды тоўстай іголкай… Боль ад гэтага быў настолькі моцным і настолькі перакрываў усе іншыя адчуванні, што не толькі для фельчара, але і для мамы было поўнай нечаканасцю, калі, прарываючы свежанакладзеныя швы, на свет папёрла я.

– Что за чёрт? – сказаў, па маміных словах, невыказна здзівіўшыся і замёршы з хірургічнай іголкай у руцэ, эскулап, ці, лепей сказаць, пэон. – Ещё чтото лезет!

У педвучэльні, якую скончыла мама, каб стаць адукаванай, не вучылі, як раджаць, таму, абміраючы ад пакутаў, яна не магла развеяць яго здзіўленне, бо і сама нічога не разумела, да таго ж яна і гаварыць толкам не магла, бо падчас патуг адрухова напружвалася з усіх сілаў, а калі боль адпускаў, старалася хоць аддыхацца. Таму нейкі час фельчар толькі тупа лупіў вочы на тое, што медыкі мянуюць родовыми путями і што ў звычайнай мове мы стараемся ніяк не называць; абрамленыя не ўсюды акуратна паголенымі валаскамі, поўныя болю і зіхоткай крыві, цёмныя пульсары путей зеўралі ўсё больш.

На маё шчасце, у гэты час у палату вярнулася санітарка. Менавіта яна падхапіла мяне зпад рук аслупянелага працаўніка народнай аховы здароўя, дзякуючы чаму я не грымнула на падлогу, яна ж паўстрымала яго ад паноўнага накладання швоў да таго моманту, пакуль не выйшла плацэнта.

Ужо праз гадзінку ў Дабрацічах дазналіся, што ў Макрынінай Евы нарадзіліся блізнючкі- дзяўчаткі. То бок мы.

Калі санітарка абмыла і спавіла нас з Улянкай, і яна, і маці, і фельчар, які да таго часу асавеў, пабачылі, наколькі мы падобныя адна да адной. Да рысачкі. Маці падкрэслівала, што, нарадзіўшыся, мы адразу перасталі крычыць і толькі разглядаліся аднолькавымі цёмнымі вочкамі. Фельчар сказаў, што нам добра, але пасля ўсяго, што было, яго словы не мелі ўжо вагі ані для мамы, ані для санітаркі. А не крычалі мы, думаю, проста таму, што не ведалі, што будзе далей. Працягу. Не ведалі, што людзі нараджаюцца не дзеля таго, каб ім было добра. Ад сілы, яны нараджаюцца, каб добра стала каму іншаму.

Нягледзячы на абсалютнае падабенства, нас з сястрой адрозніць было лёгка: я кульгала. Доктарка ў Брэсце, куды мама павезла мяне, калі з адчаем заўважыла гэтую хібу, сказала, што рэч у последствиях родовой травмы, бо дзіця ішло ножкамі наперад. І што гэта павінна прайсці. Але гэта не прайшло дасюль, хоць і стала амаль незаўважным.

Тады стаяла позняя ўпэўненая вясна – цяпер такіх у нашых краях ужо не бывае: павевы ветру яшчэ халодныя; на пясчаных пагорках цвітуць коцікамі вербы, а на адхонах каляі – занесеныя з чыгуначным жвірам малачаі; белыя малюткія пяціпялёсткавыя кветкі макрыцы матляюцца на тле брунатнага моху лясных прагалінаў. Лотаць. Мяккія фарбы зямлі. Людзей амаль не відно. Тае вясны драўляныя слупы на мяжы замянялі на бетонныя, якія прастаялі потым гадоў трыццаць. Калючы ж дрот замянялі пастаянна, па меры неабходнасці.

Ні пра маму Еву, ні пра тату, якога звалі не Адамам, а Анатолем, або Толікам, згадкі потым не будзе, таму з даччыной пашаны пра іх лёс можна сказаць колькі слоў зараз: яны абое загінулі, калі нам з Улянай было па дзевяць. Цяпер я нават не памятаю іх твараў (у мяне вельмі слабая памяць), асабліва калі намагаюся ўявіць блізка, і, думаю, не памятаю іх духоўных вобразаў. Але, здаецца, стрыжнем мамінага жыцця (пасля страху голаду – галоўнай фобіі для ўсяго нашага краю) быў страх перад машынерыяй – яна баялася аўтамабіляў, дарог, электрычнага току, рознага роду бытавых прыладаў і нават лекаў, што прыносілі нам прагрэс і гігіена, якія яна ж сама, як настаўніца малодшых класаў, павінна была прапагандаваць. Мне цьмяна помніцца, як кожны раз, калі тата затрымліваўся на рабоце ці дзе яшчэ больш чым на дзесяць хвілін, яна мянялася з твару (рысаў якога я пры гэтым не памятаю) і пачынала енчыць ды прычытаць, паступова даводзячы да слёз ды жаху і нас з сястрой. Толік жа, наш папа, быў тым чалавекам, дзякуючы каму мы гаворым на расейскай без акцэнту – ад самага нашага нараджэння ён гаварыў з намі толькі па-расейску, наўмысна, каб навучыць. Сам жа мову вучыў самастойна, бо дзядуля з бабуляй, натуральна, расейскай не ведалі. Ён выбіўся ў людзі настолькі, што атрымаў ад свайго завода кватэру ў Брэсце, а праз год дачакаўся чаргі на машыну, па якую на ВАЗ выправіўся разам з мамай. Мама ж, нягледзячы на свой страх перад машынамі, да такой ступені хацела «жыгулі», што дзеля гэтага эканоміла кожную капейчыну, апраналася сама і апранала нас з Улянкай у самашытыя сукенкі і паліто, якія надточвала на рукавах і па падоле па тры разы, і карміла сям’ю надгаладзь. «Жыгулі» колеру марской хвалі, якія яны купілі і на якіх ехалі з завода, перакуліліся недзе пад Пінскам, ужо адносна недалёка да дому. Адтуль іх везлі ўжо ў трунах.

Я ўжо даўно не разглядала тыя некалькі фотаздымкаў бацькоў, якія захаваліся ў бабы – рыжыя зза недасканалага замацоўніка, запэцканыя з адваротнага боку адлюстраванні прамінулых секундаў.

Татава прозвішча таксама было Гадун, таму маме не прыйшлося мяняць пашпарт, калі яна выйшла за тату. Мне часта гаварылі, што я вельмі падобная да татавай маці, Вляны – а Уляне, якую і назвалі так у гонар бабулі, не казалі ніколі. Бабуля Уляна помніцца яшчэ больш цьмяна за бацькоў – выразам бясконцай і безабароннай дабрыні ў вачах. Паводле словаў бабы Макрыні, баба Уляна была недалуга – гэтак Макрыня называла, напрыклад, тых, хто дазваляе сябе біць. А баба Уляна ў маладыя гады, пакуль не падраслі сыны, часта бывала бітая мужам, які, дарэчы, быў на галаву ніжэйшым за яе.

І фельчара, і санітарку я потым пару разоў бачыла. Яе – у царкве ў Страдчы: хударлявая жанчына з карычневым тварам, з нашых, з вялікімі разбітымі работай рукамі, апранутая па модзе першай паловы ХХ стагоддзя – каптанчык, швэдрык, спадніца, шаляноўка. У фельчара твар быў круглы, укормлены, у чырвоных прожылках, пальцы тоўстыя, не брудныя. Апранаўся ён невыразна і танна ў брэсцкім магазіне Одежда, і яго заўжды выбіралі дэпутатам у мясцовыя саветы. Як інтэлігенцыю. Мясцовую. Абое ўжо на тым свеце. Няма больш і Дурыцкай вясковай амбулаторыі, дзе адбылося нашае першае знаёмства з гэтым светам. Бо Дурычы пераназвалі Знаменкай. І амбулаторыя, натуральна, зрабілася Знаменскай. І гэта змяніла, трэба думаць, яе сутнасць.

Дарога ад Дурычаў да нашых Дабрацічаў, па якой нас везлі з бальніцы, віецца роўным полем уздоўж мяжы; вашывыя хутаркі гайдаюцца пад цёплым сонцам, гадзючыная дуброва збоку, балота, міма Гары, адкуль відаць дамы Дабрацічаў, каля могілак, потым зноў балота – бела-баваўняныя пухоўкі сітніку, аер над брунатнай вадой, жоўтыя касачы. У адным месцы ля самага межавога дроту, калі стаць на дыбачкі, можна разгледзець на адлегласці яблыні і бэз – асабліва выразна вясной. Там, пад бэзам, стаялі Дабрацічы раней. Да трыццаць дзявятага года. Да саветаў. Да прагрэсу і гігіены.

Страдче, Любче, Добратычі, Дурычі – я яшчэ застала гэтае вымаўленне: праз мяккае ч – назвы вёсак зусім не змяніліся ад часоў інвентару 1566 года. Маўляў, чые? Нейкага Старада, нейкай Любы, нейкага Дабраты ды нейкай Дуры… Заміраючы, я расчытвала стары дакумент у Луцкім архіве студэнткай на практыцы. Пра Любча ніхто ў нас нават не чуў, і месца, дзе стаяла вёска на сорак дымоў, не ведаў. Яно прапала. Не стала яго, сяльца нейкай Любові. А рэшта засталася. У Дурычах нарадзіліся, а ў Дабрацічах жылі мы з сястрой.

Тут, у Страдчы, Любчы, Добратычэ праз вякі дзень пры дні калаціліся без толку ды ладу мае землякі – істоты без твараў, халодныя, у лусцы і слізі. У норах. Несвядомыя. На шчасце, іх больш няма. Прагрэс, гігіена і саветы перамаглі. Гайдаюцца пад цёплым сонцам, у плынях паветра, прывіды хутаркоў ды хутаранцаў, прывіды гадзючыных дуброваў.

Непадалёк ад нас, у Камароўцы, нарадзіўся першы, бач ты, беларускі касманаўт Пятро Клімук.[1] З Гершонаў – кампазітар Ігар Карнялюк.[2] З Заказанкі – рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.[3] А ў нашых Дабрацічах жыве, як вы ўжо, пэўна, зразумелі, Міхась Яраш.[4]

Калі б я не запрасіла нашага знакамітага паэта Міхася Яраша дахаты, не адбыліся б два забойствы.

Баптысты не пабудавалі б сабе малельны дом.

Не пачаў бы лятаць над Дабрацічамі, Страдчэм і Заказанню турыстычны прагулачны дырыжабль апошняй мадэлі, зіхатлівы, хуткі, і наскрозь празрысты.

Многа чаго не адбылося б, каб я вынесла свой ноўтбук на двор. Але мой старэнькі ноўтбук, калі працуе не ад сеткі, брыкаецца і адколвае розныя некантралюемыя нумары, таму я запрасіла Міхася дахаты, і хутка пасля гэтага зазваніў тэлефон.

Вэлкам у Дабрацічы

Шчыра запрашаю ў Дабрацічы. Уся гэтая гісторыя, небяспечная, як сама літаратура, ёй нават цяжка даць веры, адбылася менавіта тут, у вёсцы, праслаўленай, але, пэўна, трохі ўсё ж прыхарошанай у вершах Міхася Яраша – чалавека таленавітага настолькі, што яго знае 1 з 20 чалавек не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што ён піша па-беларуску. А зрэшты, ён піша і па-ўкраінску.

Вёска сапраўды стаіць у харошым сасновым лесе, і сосны, якія ў нас называюцца бар’які, тут сапраўды падобныя да людзей; тут сапраўды пяскі, але, канечне, не «выдмы нябачнага мора»; паблізу няма ні бачнага, ні нябачнага, проста ніякага мора, ёсць толькі некалькі крыніц, адна з салонай вадой. Цяпер, калі стала можна прайсці да Буга, дарога займае не больш за пятнаццаць хвілінаў, але тады да Буга было яшчэ не прайсці – мяжа ж на замку, дрот, следавая – туды-д тваю дваццаць – паласа, сігналізацыя… Так, з вадой у Дабрацічах тады былі праблемы, таму папулярнасцю карысталася невялічкая бухтачка ля шлюза меліярацыйнага канала – туды часта прыязджалі адпачыць ля вады нават з Брэста.

Праблематычна таксама наконт «першаснага бязлюддзя, бязмежнай адзіноты» ў Дабрацічах, пра якія піша Міхась. Бадай, у часы нашага дзяцінства кожны чалавек сярод старых соснаў і асінаў рабіўся падзеяй; часцей тут бегалі тхорыкі, сабалькі ды парасяты ў палосачку, але потым вакол разрасліся ракавыя пухліны дачных пасёлкаў, тут зрабілі чыгуначны прыпынак, амаль усе звяры сышлі, затое населі дачнікі.

Можа, Міхась меў на ўвазе, што іх нельга назваць людзьмі?

Дарэмна. Гэта вяршкі нашага грамадства. Найлепшыя з лепшых. Садовыя таварыствы каля Дабрацічаў называюцца Ветеран, Защитник Отечества і Радуга. Мая баба, апошні магіканін старых Дабрацічаў, заўсёды размаўляе з дачнікамі – небяспечнымі прыдуркамі, якія кіруюць светам – вельмі пачціва, асаблівым голасам. Бабе дзевяноста сем, і калі які чарговы маёр ці падпалкоўнік у адстаўцы ў палінялых, выцягнутых на дупе і каленях сініх штанах падыходзіць пад наш плот, яна кожны раз прапануе яму напіцца і выносіць конаўку, заўсёды запэцканую курыным гаўном.

Баба наша ўбогая духам. З тых, для каго будзе валадарства нябеснае. Калі б яна не пераадолела спакусу гадоў дваццаць таму і скончыла б жыццё самагубствам, як была хацела, то, безумоўна, гэтага валадарства яна б не пабачыла, а так – няма праблемаў. Пабачыць.

У эпоху дачаў у Дабрацічах з’явіліся платы і агароджы вакол хатаў. Раней іх не трэ было. Калі што, хапала проста галінкі на клямцы – знака таго, што дома нікога няма, і гаспадары просяць у хату без іх не заходзіць. Цяпер жа тут абносяць загарадкай ды зачыняюць на замок усё, што лягчэй за тону і не распалена да белага. Раней сцерагліся толькі цыганоў, а цяпер – кожны кожнага.

Але час вярнуцца ў той чэрвеньскі вечар, калі ўзброены хлопец адчыніў нашую брамку і зайшоў у двор.

Вэлкам у нашу паліфанію

Сусвет трымаецца на маёй бабулі. Гэта яна сядзіць цяпер супраць мяне за чорным ад часу сталом; на стол, на картоплю ў патэльні, у кубкі з квасам час ад часу злятаюць з высокага бар’яка сухія хваінкі, па-нашаму – шыпата. Мы вячэраем разам, як вячэралі не раз на працягу апошніх пяцідзесяці год. Калі-нікалі разам з намі вячэралі і іншыя людзі: мама, тата, Улянця, мая дачушка, дзеці Улянці… Але цяпер Улянця ў Нарвегіі, нешта там даводзіць вучоным нашчадкам вікінгаў наконт вандровак іх няўрымслівых продкаў, яе дзеці, Ліна ды Казік, у Менску, і мы зноў сядзім удзвюх.

Прачухаў у горад сямігадзінны цягнік, забраў дачнікаў, у Дабрацічах сціхлі і вецер, і галасы. Толькі свае, насельнікі пяці хат, крыюцца цяпер пад векавымі дубамі, вячэраюць ці парадкуюць птушак ды жывёл.

Тым больш дзіўна было бачыць у гэты ціхі дабрацінскі час хлопца з кабурой на баку, які, нязмушана паглядаючы вакол, крочыў па тым, што можна было б назваць дабрацінскай вуліцай (старыя каляіны ў пяску, трохі зарослыя аўсяніцай), а каля нашага дома павярнуў да брамкі.

Што яму тут трэба? Адкуль ён?

Малады, чарнявы, твар адкрыты. І з кабурой на баку. Не бандыт, відаць адразу – хіба што я нічога не разумею ў людзях. Тады хто?

Гэта зараз жа высветлілася.

– Здравствуйте. Я ваш участковый, Рудковский Андрей Ильич. Можно к вам?

Бабуля паглядзела на яго з цікавасцю:

– А чого тобі, хлопчэ, трэба? – спыталася яна, калі той падышоў бліжэй.

– Можно у вас воды вывернуть попить? Жарко, страх.

Бабуля матнула галавой у мой бок, і я падала хлопцу чысты кубак. «Вывернуўшы», як сам трапна выразіўся, вядро вады, ён з асалодай напіўся, спаласнуў кубак.

– Тут у вас неподалёку на шоссе найдено тело мужчины. Вы чтонибудь об этом знаете? – спытаўся ён, гледзячы на мяне.

– Ніц не чулы, – адказала бабуля. – А шо то за він?

Бабуля патрабавальна разглядала хлопца праз свае тоўстыя акуляры. Той непрыкметна ўздыхнуў і пачаў расказваць.

Але стоп. На якой мове мне перадаваць тое, што тут у нас адбылося? Вырашыць гэта зусім не проста. Дабрацінцы гавораць па-ўкраінску – але іх мала; па-беларуску гаворыць дырэктар ТАА «Агравіталіка+» Віталь Іванавіч Чарота, пераселены сюды пасля Чарнобыля зпад Чачэрска – калі-нікалі на беларускай лапочаце і вы, мае чытачы; а пануе тут расейская мова. Чарота, або ўчастковы міліцыянер, або доктарка, або абласная газета, або баптысцкі прэсвітар могуць часам утачыць які-небудзь смачны ўкраінізм; малады поп і ягоная пападдзя – ніколі.

Паўкраінску гаворыць і зямля, але гэта вельмі і вельмі рэдка.

Вецер шуміць па-за межамі якіх бы то ні было моваў.

Так што вэлкам у нашу паліфанію.

Дык вось што расказаў малады ўчастковы.

Наша дабрацінскае агенцтва навінаў і галоўны ньюсмэйкер Лёніха – або тётя Маша, як называў яе участковы – адзначылася і на гэты раз. Учора, адвозячы на дачы малако, яна заўважыла на адхоне ля шашы такога Сівага – тыповага п’янтоса з дачнікаў, знаёмага многім. Ён ляжаў у трохі ненатуральнай нават для яго позе. Падышоўшы бліжэй і пабачыўшы, што ён мёртвы, Лёніха адразу вярнулася дамоў і па тэлефоне выклікала міліцыю, якая ў хуткім часе прыехала і высветліла, што памянёны Сівы быў пасланы ў магазін у Прылукі трыумвіратам такіх самых тыповых фігур, з якімі ён спажываў на сваёй дачы алкаголь, з прычыны заканчэння апошняга. Падобна было, што яго збіла машына. Усё гэта было запратакалявана яшчэ ўчора, а сённяшні візіт міліцыі ў Дабрацічы датычыўся таго факта, што ўдава Сівага заявіла аб прапажы ровара, на якім, нібыта, Сівы выправіўся ў апошнюю ў жыцці паездку – а ровара таго, калі прыехала міліцыя, каля яго не выявілася.

– Нет, ничего нам об этом не известно, Лёниха вчера к нам не приходила, – пацвердзіла я.

– Что ж, спасибо за воду. Вкусная. Пойду я, может, тётя Маша уже вернулась.

Хлопец нетаропка пайшоў, і неўзабаве ад Лёнішынай хаты, якая стаіць за асінавым гайком, данёсся лямант – Лёніха глухая на старасці год, бы даўбешка, таму ўчастковаму прыйшлося добратакі напружваць голас, каб дакрычацца.

– А хто? А што? – дапытваўся ўчастковы.

– Верыш, нікога не было! Верыш, не бачыла! Не, нікога там паблізу не было! Не бачыла ровара! – час ад часу даносіў да нас вецер адказы цёткі Мані.

Строга кажучы, гэты эпізод з участковым не меў да таго, што адбылося потым, непасрэднага дачынення. Ён не быў тым каменьчыкам, які зрушыў лавіну. Каменьчык гэты рэпнуўся недзе ў іншым месцы і ў іншы час. Але ён быў першай незвычайнасцю, першай неспадзяванкай, першай рысачкай у шэрагу дзіўнасцяў. Пасля яе неспадзяванкі пасыпаліся, пасыпаліся і вельмі хутка ператварыліся ў лавіну.

Каханне і ўдача Геніка Уругвайца

Магчыма, гэты самы каменьчык зрушыў Генік Гадун Уругваец. Генік Гадун Уругваец, сухі і прыгожы, аматар партвейну і поткі, на што часцяком ў полі скардзіцца бабам яго жонка Каця. Цесля, пчаляр і майстра, статны і здатны, у старых нагавіцах і зазвычай босы, ён настолькі шчыльна знітаваны з зямлёй, што, цалкам магчыма, менавіта ён зрушыў лавіну… Калі так, то адбылося гэта наступным ранкам.

Трава на падвор’і зжухла, сонца смаліць штодзень мацней, і нават сосны шумяць у абсалютна высахлым паветры інакш, чым звычайна. Хаця ўвогуле гэтыя высачэзныя дрэвы маюць такі выгляд, быццам ненажэрная спякота іх не датычыцца. Канечне, з такімі каранямі – ледзьве не да магмы – можна не звяртаць увагі на спёку! Тут, пад намі, уся зямля прасякнута спляценнямі магутных каранёў. Падземны жывы свет. Нябачная частка агульнага божага цуду.

Бабуля папусціла кіём па курыцы. Кій – яе неад’емная частка. Сімвал і стымул у першапачатковым значэнні гэтых словаў. Кіем па курыцы, паленам па кату, калком па карове – яе манера. Што праўда, яна ніколі не трапляе. Курыца, узмахнуўшы для прыліку крыламі, адскочыла ад ганка, куды была кіравалася.

– Коб тэбэ дэ! – крычыць баба; бабін звычайны праклён, значэння якога я не ведаю.

Я падаю бабе кій. Яна ўмываецца каля дабітага рукамыйніка. Акуляры паклала на палічку, кій прыпёрла да бар’яка. Худая, паменшала ростам, амаль сляпая, з рукамі, якія не адмываюцца ад закарэлай у дробных трэшчынках зямлі. Твар яе, раней моцны і грубы, ссох. Унукі, якія наязджаюць да дабрацінцаў летам, клічуць яе ведзьмай. Няпэўнымі рухамі яна палівае ваду на вочы, а рукі брудныя, не адмываюцца.

Успамін: я ляжу на ложку, мяне курчыць і вывяртае. Дзіцячая інфекцыя. Хвароба брудных рук (зямлі, якая набілася ў дробныя трэшчынкі скуры). Бабуля лаецца ўвесь час, пакуль не прыязджаюць з горада бацькі: мая хвароба замінае ёй ісці на поле. Дастаецца ўсім: маме, яе неразумнай і нявартай дачцэ, якая папёрлася ў горад і кінула на яе, бабулю, гэтых агімолкаў,[5] нам з Улянкай як цэламу, што перашкаджае ёй, Макрыні, жыць, і кожнай з нас у прыватнасці як такой. Дупы ім падціраеш, а яны табе на старасці вады не пададуць, – прарочыць яна. Адзінае, што яна робіць для мяне – падсоўвае тазік, калі мяне рве, і з праклёнамі яго выносіць. Як толькі ў хаце з’яўляюцца бацькі, яна адразу пакідае нас і бяжыць у поле. Яна не прызнае ні таблетак, ні дактароў. Яна выгадавала мяне, дзяўчынку з бруднымі рукамі, а я сваю дзяўчынку сваімі чыстымі рукамі – не змагла.

– Баба, а дзе наш кошык на паданкі?[6] – пытаюся я.

Выдатна ведаю, дзе стаіць той кошык. Калі мне будзе дзевяноста сем, мая ўнучка не будзе пытацца пра штонебудзь толькі дзеля таго, каб пачуць мой голас. І кожны дзень, гатуючы ежу, не будзе даваць каштаваць стравы на соль. Бо ў мяне не будзе унучкі.

Бабуля з трыумфам – што б тут рабілася без мяне?! – вынесла кошык.

– Схадзіць мне ў садок? – пытаюся я, зноў наперад ведаючы адказ.

– Не трэба, я сама. Лепш за лісічкамі прабяжыся, супу на вячэру наварыш.

Баба шукае сабе работу. Збіраць яблыкі, палоць грады… Я потым саджаю назад вырваныя разам з пласкухой цыбулінкі, моркву, крыжанкі.

– Там на, там на горі, там женці жнуть? – чуецца раптам зза плота з пытальнай інтанацыяй.

Дзядзька Генік Уругваец, не ўтрымаўшыся на нагах, ухапіўся за плот, трохі пакачаўся, потым махнуў рукой, скарыўся, лёг і расцягнуўся на зямлі, схітрыўшыся яшчэ акуратна падлажыць пад галаву кепку.

– Мені, мені з жінкой. Не возиться? – працягваў ён дапытвацца ў неба, пакуль мы з бабуляй ішлі да яго.

У яго выдатны, аксамітны голас, худы твар, карычневыя рукі.

– Геніку, уставай! – бабуля пхнула яго сваім кіем. – Шчэ і сонца не зышло, а ты ўжэ набраўся!

– Як сонечко зійде, кохання відийде! – парыраваў Генік.

Мянушка да Геніка перайшла ад дзеда, які на досвітку найноўшай гісторыі ездзіў па шчасце ў Уругвай. Цяпер усе яго нашчадкі Уругвайцы. У дзяцінстве я нават думала, што гэта іх сапраўднае прозвішча, і толькі потым даведалася, што і яны, як і ўсе ў Дабрацічах, Гадуны.

Так, у нас ва ўсіх тут адзін корань – з адным прозвішчам, адно да аднаго падобныя, грубыя целам, з шышкатымі галовамі і высечанымі сякерай з дрэва тварамі: таўставатае пераноссе, пукаты лоб, шырокія сківіцы і няроўныя зубы. Але ніхто не скажа на дабрацінцаў, што непрыгожыя – жыццёвая сіла дае нам нешта большае, чымся банальную саладжавую прыгажосць.

Але цяпер жыццёвая сіла Геніка Гадуна Уругвайца цалкам сышла ў зямлю пад уздзеяннем алкаголю. І ён быў здольны толькі на мастацкую дэкламацыю.

– Ой, ліпш би я була кохання не знала! – засведчыў ён, павярнуўся на бок і заплюшчыў вочы.

Мы пераглянуліся з бабуляй.

– Трэба Кацьцы наказаць, хай забярэ, – прапанавала я.

– Не дапрэ, ён цяжкі. Вынесі кажух, каб не ляжаў на зямлі, – распарадзілася баба.

Але кажуха выносіць не прыйшлося – Міхась Яраш, якога ў Дабрацічах больш зналі як Мішыка Ярошышына, з граблямі на плячах і ў майцы з надпісам «Ірмошынай – нізачот» вяртаўся з сенакосу і збочыў да нас.

– Я яго давяду, – сказаў ён, зразумеўшы абставіны. – Граблі тут у вас пакіну. Я, тым больш, і збіраўся да вас зайсці – хацеў спытацца, – звярнуўся ён да мяне, – як у Word’зе зрабіць праверку ўкраінскай артаграфіі?

Мішык жыве тут паблізу. Хутка, пэўна, пад яго хату будуць прыязджаць экскурсіі цэлымі аўтобусамі. А пакуль што яго амаль штодня наведваюць адзіночныя экскурсанты – барадатыя задуменныя тыпусы, якіх яго практычная бабуля, Ярашыха, выкарыстоўвае для нарыхтоўкі сена і іншых пільных гаспадарчых прац. Але сёння ён вяртаўся з сенакосу адзін.

– Элементарна. Заходзь потым, пакажу.

Мішык бесцырымонна падхапіў дзядзьку Геніка пад пахі, паставіў на ногі, страсянуў і прапанаваў:

– Ходзьма, дзядзька. Цётка Каця чакае. Чарачку табе наліе.

Генік іранічна ўзняў брыво, але даўся давесці сябе дадому.

– Праўда, цётка Каця замест чарачкі дубца дала, – пасмейваўся Міхась, калі вярнуўся. – Гэта яго ў венеролагаў так начаставалі, ён ім лёх перакрыў. Так што цётка замкнула Геніка ў хаце і пабегла высвятляць адносіны… Дык што там з праверкай артаграфіі?

Мы прайшлі ў мой пакой, дзе на вялікім непісьмовым стале стаяў кампутар і ляжала гурба тэчак і папер – меркавалася, што я тут буду працаваць, але спадзяванні, як выявілася, былі марнымі – мне не было калі носа абцерці, не тое што працаваць на кампутары…

Я ўключыла ноўтбук і паказала Мішыку патрэбную яму аперацыю.

Затрызвоніў тэлефон, і я пабегла на кухню. Уляна званіла з Нарвегіі, і мы вельмі коратка пагаварылі.

– Што там у вас чуваць? – спыталася яна. – Ды заплаці ты нарэшце за мабільны – нашто ён табе наогул, калі заўсёды заблакаваны? Як баба?

– Усё добра! Не хвалюйся, разбірайся там з вікінгамі!

– Я папазаўтра прыеду, ужо купіла білет. Сустракаць не трэба. Што прывезці?

– Дажджу, бо ў нас тут Сахара!

Мішык у чаканні мяне бязмэтна перагортваў опцыі Word’а.

– Улянка прыязджае? – спытаўся ён.

Улянка – археолаг, і ў Нарвегіі ўдзельнічае ў нейкай канферэнцыі. Здаецца, тэма яе даклада – «Археалагічныя пацверджанні прысутнасці вікінгаў на тэрыторыі Полацкага княства ў ХIII стагоддзі». А можа, і не такая. Можа, я нешта наблытала. Я не моцная ў навуцы, хаця таксама гісторык па адукацыі.

– Ага, праз тры дні.

І тут я стала сведкам, як паэты твораць, забываючы пра ўсё і адыходзячы некуды ў свой свет: у Міхася раптам сталі вельмі далёкімі вочы, і ён зноў запытаўся пра артаграфію, пра якую я яму ўсё расталкавала вось толькі што. Мне вельмі спадабалася назіраць, як спее ў паэце чарговы верш. А можа, ён мае нейкія пачуцці да Улі? Вось як на яго уздзейнічала паведамленне пра яе прыезд! Цярпліва паказала ўсё зноў.

У сенцах загрукала бабуля: прынесла з садка паданкі, Міхась прачнуўся ад сваёй задуменнасці і пайшоў дадому. Потым вярнуўся па забытыя граблі.

А дзень гарэў і ярыўся. Па пяску стала немагчыма хадзіць босай. Абвяла лістота на бэзе. Чысцячы ў халадку лісічкі, я ляніва (а пры такой спякоце немагчыма інакш) думала пра прыезд Улі, пра тое, што яна ўзрадуецца, пабачыўшы бабу дзейнай і моцнай. Узрадуецца, пабачыўшы мяне. Яна, я ведала, зірне на мяне хутка, пытальна, скоса, і прасвеціць наскрозь. Яна адзіная ведае, якія насамрэч адносіны ў нас з Антосем. Яна лепшая за мяне. Яна – маё адлюстраванне, але лепшае, чыстае і некульгавае. Калі яна нараджала, мне балела. Калі я сядзела ў турме, яна ссохла. Ручай яе жыцця бруіцца побач з маім, але воды не мяшаюцца.

Я выскачыла замуж яшчэ студэнткай (Бог ты мой, калі ж прамінула жыццё!?). Муж заняўся бізнэсам, у нас з’явілася кватэра ў Менску, зачараванае кола на кухні і ў гасцёўні круціла мяне, пакуль я не пачула дыягназ: «У вас никогда не будет детей». Сямнаццаць год таму.

«У вашых апавяданнях спрэс крайнасці, – сказаў мне нядаўна Дынько. – Француз прыязджае вывучаць нашых дачнікаў, і яго забіваюць на сметніку! Ці праўдападобна гэта?» Ці праўдападобна, калі саладжавыя пахі смажанага, і прахалодны пах бялізны ў шафе, і свет таршэра вечарам, і нашмараваныя лісты манстэры – усё раптам, у імгненне губляе сэнс ад гэтых шасці словаў: смоква бясплодная, зярняты на камені – і твар Антона, апушчаны долу разгублены твар.

А потым – цуд, і нараджэнне маёй дзяўчынкі.

А потым – смерць.

Доктарка, якая ўпершыню паставіла маёй дачушцы гэты дыягназ – рак, працавала ў 2-й бальніцы. Не помню, як я выйшла адтуль. Недзе на Старажоўскай мне стала немагчыма дыхаць, я прывалілася да зярністае сцяны старога будынка, мяне званітавала, перад вачыма сцямнела, і я скурчылася на каналізацыйнай рашотцы ля гастранома. Снег не быў халодным, а прыйшла я ў змыслы ад таго, што нада мной заліваўся брэхам сабачка (дакладней, залівалася брэхам, бо гэта была яна), а жанчына трапала мяне за плячук:

– Што з вамі? Што з вамі?

Гэта была Марыя Вайцяшонак[7] са сваёй Мурзай. Праз два гады яна зноў вырвала мяне з бяспамяцтва, калі дапамагла ўладкавацца ў Навінкі, прайсці курс лячэння залежнасці ад наркотыкаў.

Калі мы браліся з Антосем, абое ў найбольш магчымай для нас ступені адчувалі тое, што называюць каханнем: душы нашыя былі максімальна ўзаемаадкрытыя, і нас страшэнна цягнула адно да аднаго. Потым вострая стадыя кахання перайшла ў такое шчыльнае сяброўства, што яно здавалася непарушным. Але парушылася. Жонка-наркаманка – гэта цяжка вытрымаць, нават калі хочаш. А ён жа і не вельмі хацеў.

Жонка-наркаманка. Без дзяцей. Без жадання жыць. Без бляску ў вачах. З бляклым валоссем. Таму я не здзівілася, калі аднойчы зазваніў тэлефон і жаночы голас не без задавальнення паведаміў: «У іх акружэнні не мець каханкі лічыцца дурным тонам. Гэта дадатак да бізнэсу. А вы, здаецца, або сляпая, або зусім без розуму». Вось так. Без розуму ды зроку. Затое мяккацелая ў душэўным (без волі) і цялесным (з цэлюлітам на клубах) сэнсе. Чаго ж было здзіўляцца?

Ноч пасля дажджу

Нарэшце прайшоў доўгачаканы дождж. Пасля дажджу трэба абганяць бульбу, пакуль зямлю зноў не высушыла спякота. Наогул, гэта вельмі сур’ёзна. Гэта нашмат сур’ёзней, чым можа падацца карыстальніку інтэрнэту ці, скажам, топменеджару. Бабуля парывалася зрабіць гэта яшчэ сёння, і я ледзьве змагла яе стрымаць. Зімой бабулі выдалілі катаракту, і доктар папярэдзіў, што ёй трэба ўстрымлівацца ад цяжкой працы. Але сама яна не ўстрымліваецца, а ўстрымаць яе камусьці амаль немагчыма. Яна прывыкла рабіць усё сама, і ніякую работу не лічыць цяжкай. У выніку праапераванае вока час ад часу гнаіцца. Адзіны ж спосаб устрымаць яе ад працы – зрабіць усё самой яшчэ да таго, як бабуля пра яе падумае. Пра абгортванне бульбы гаварылася ўжо даўно, чакалі толькі дажджу. Сёння я не паспела ўзяцца за бульбу, бо займалася пад наглядам і кантролем бабы праполкай і перасадкай буракоў, што таксама было пільнай паслядажджавой работай. Таму заўтра з раніцы, пакуль я буду варыць сняданак, я ведала, бабуля з матычкай пацягнецца на гарод, і яе вока зноў заплыве гноем. Прадухіліць гэта можна толькі адным спосабам – абгарнуць бульбу ноччу.

Вось чаму, скрадаючыся, каб не разбудзіць бабулю, і абліўшыся добрым літрам вадкасці супраць камароў, гадзін у адзінаццаць я выйшла з хаты.

Да гародаў, якія дабрацінцы маюць на добрай, за стагоддзі нанесенай шматлікімі паводкамі Буга зямлі зусім побач з мяжой, трэба прайсці трошкі лесам. Няма нічога лепшага за месяцовую ноч у Дабрацічах. Поўня залівае свет моцным фантастычным святлом, серабрыстае ззянне мяжуе з густымі ценямі. Пяскі нагадваюць пра Алжыр і ружы пустыні, а трава ў нізінах – пра ілюстрацыі да чарадзейных казак. Такая ноч – не толькі нешта само па сабе каштоўнае, яна дадасць сэнсу і твайму досыць пустому існаванню.

Матычку я яшчэ днём прыхавала ў баразне. Паводле маіх разлікаў, на загон мне хопіць гадзіны чатыры-пяць. Месяцовага святла было цалкам дастаткова для маёй работы. Я адшукала матычку і ўзялася за працу. Чуваць было, як на Бугу канцэртуюць жабы. Я старалася махаць раўнамерна, не спяшацца, бо баялася, што хутка стамлюся. Таму што шэйпінгу і басейна мала, каб добра працаваць у полі. Таму што няма ў мяне той загартоўкі, якую маюць цягавітыя дабрацінскія бабулі, няма той вытрымкі і спрыту. У дзевяноста год мая бабуля капала бульбу хутчэй, чым я ў сорак. Пад такія навучальныя роздумы я прайшла туды-назад пару барознаў ды спынілася адпачыць.

Тут з дарожкі па-за гародам пачулася пазвоньванне – нехта ехаў на ровары, і званок дрынчэў на выбоінах. Я адрухова прысела за куст парэчак – трапляць каму б то ні было на вочы не ўваходзіла ў мае планы. Тым больш што гэта была, як я разгледзела пры месяцы, цягавітая дабрацінская бабуля Лёніха. Куды ж гэта яна пнецца ноччу? Лёніха ехала даволі павольна, баялася, пэўна, упасці на начной сцежцы. Па сваёй звычцы яна нешта неразборліва мармытала. Нарэшце званочак аціх. Добра, што я паспела бухнуцца ў баразну, а то заўтра і Дабрацічы, і дачы даведаліся б, што Макрыньчына Алка выходзіць ноччу на поле і чаруе, і Лёніха прысягала б, што бачыла ў мяне ззаду хвост памерам з верацяно. Я Лёніху добра знаю.

Не паспела я перавесці дух, як на дарозе з другога боку гарода з’явілася яшчэ адна постаць, якая шыбавала ў супрацьлеглы бок. Наш знакаміты паэт Міхась Яраш ішоў хутка, мэтанакіравана, але разпораз аглядаўся, нібыта напалоханы. У месяцовым святле яго твар выглядаў надзвычайна белым. Здаецца, і гэты мяне не заўважыў. Перачакаўшы яшчэ трохі, я вылезла зпад свайго куста, перавяла дыханне і зноў узялася за матычку.

Аднак якое ажыўленне пануе ў Дабрацічах ноччу! Ніколі б не падумала. Цуд і дзіва. Навошта і куды папёрлася Лёніха сярод ночы? Не на любоўнае ж спатканне! Здаецца, час кахання для яе прайшоў. Не, цалкам верагодна, што яна яшчэ можа выйсці замуж (і гэта будзе ужо чацвёрты раз), але ж не будзе яна дзеля любасцяў раз’язджаць па начах на ровары! Дык куды яна паехала? А Міхась? Няўжо ж ходзіць да якой маладой дачніцы – у тым жа баку дачы? Цікаўнасць грызла мяне мацней за камароў, бо вадкасць ад цікаўнасці пакуль не прадаецца ў парфумерных аддзелах універсальных магазінаў, і цікаўнасць не губляе празрыстасці, нават калі табе пяцьдзясят.

Некалькі гадзін я рупна працавала, канцэрт на Бугу заціх, і начны спакой час ад часу парушаўся толькі дзіўнымі гукамі – недзе гудзеў гудок, нудна, працягла, на адной ноце, а потым абрываўся з падвываннем. Да такога гуку я звыкла з дзяцінства – так час ад часу гуло нешта на мяжы, мы, дзеці, звязвалі тады гэты гук з таямнічай «сігналізацыяй».

Поўня паступова сышла з зеніту, справілася і я са сваёй работай. Засталося яшчэ толькі некалькі караценькіх папярочок. Я здалёк пачула зваротны Лёнішын званочак, бо прыслухоўвалася, і загадзя грунтоўна схавалася за куст. Цяпер я не адрывала ад Лёніхі вачэй увесь час, пакуль яна ехала ўздоўж нашага гарода, і разгледзела, што на багажніку яе ровара прымацавана нейкая вялікая валіза… Але тут маё сэрца стукнула і спынілася: проста насупраць мяне за мяжой, на нейтральнай паласе, у хмызняку стаяла нешта… нехта… не, пэўна, усё ж нешта – высокая, вышэй за чалавечы рост, фігура ў нейкім белым балахоне, з чорнай плямай замест твару. Гэтае нешта глядзела ў наш бок! Лёніха, нічога не заўважаючы, праехала. Белы прывід ціха адступіў і растаў у тумане, што расплываўся ад Буга.

Застыўшы, я адчувала, як жах, не варты пяцідзесяцігадовай кабеты, але ад гэтага не менш разбуральны, плюшчыць ды расчыняе мае вантробы. Хто або што ж гэта магло быць!? Акрамя адказу «смерць», нішто іншае не прыйшло мне на розум. Менавіта так выглядае смерць паводле дабрацінскіх меркаванняў, так мы ўяўлялі смерць у дзяцінстве, так я ўяўляю яе і цяпер: гіганцкая жанчына ў белым, з велічным і жахлівым чорным тварам, праўда, яна мае быць з касой, але, можа, я не заўважыла касы праз цемру! Ногі пабеглі самі. Як мага хутчэй пайсці адсюль! Чалавек на нейтральнай тэрыторыі ноччу не мог знаходзіцца па вызначэнні, там наогул нікога не магло быць ноччу. Ды і выгляд у яго быў нечалавечы! Гэта істота з таго свету! І яна прыходзіла або па мяне, або па Лёніху! І прыйдзе яшчэ! Так і гавораць: смерць абавязкова спачатку паказваецца, а ўжо потым забірае з сабой.

Я шпарыла дахаты, усім сэрцам жадаючы як мага хутчэй схавацца ў надзейным цяпле дому, і ледзьве паспела затармазіць ля плота. У шэрым святле ранку, які збіраўся пачацца, у час, калі зацятыя грыбнікі ўжо выходзяць з дому з ліхтарыкам, я пабачыла: у акно нашага дома заглядаў чалавек. Хлопец з кароткай стрыжкай, у цёмнай куртцы. Пасля перажытага шоку на гародзе я нават не спалохалася – ужо гэта, несумненна, быў не прывід, а чалавек, і нават меншы за мяне ростам. Не вагаючыся, я штурхнула брамку. На гук ён павярнуўся, перапалохаўся (відаць было па выразе твару) і адразу ж кінуўся наўцёкі. З гарачкі я пабегла за ім.

У нашым плоце тры брамкі: у гарод, да станцыі і «ў грыбы». Ён выбег праз тую, што «ў грыбы», і, пакінуўшы яе адчыненай, знік за дрэвамі. Я зачыніла брамку і засунула засаўку (хаця ад чаго гэта памагло б, спытаюся я зараз), забегла на веранду ды замкнулася на кручок. Абышла дом, упэўнілася, што ўсё мірна і ціха, вярнулася на кухню, яшчэ раз праверыла кручок на дзвярах і кінула позірк на кававарку. Трэба было падумаць.

Я вырашыла, што зараз бы мне не зашкодзіў глыточак чаго-небудзь больш моцнага, чым кава. Калі дакладней, з’явілася нагода так вырашыць. Думка пра глыточак моцнага мільгацела ў галаве ўжо даўно. Некаторы час я вагалася, але потым махнула рукой. Бабуля вяла строгі ўлік запасам алкаголю ў доме, які ўвесь прызначаўся на экспарт: за каня і гасцям. Аднак у мяне было пару бутэлек віскі з д’ЮЦІ фры, якія я прывезла з сабой на выпадак прыёму гасцей, якіх не задаволіла б «Беларусь сінявокая» з аўталаўкі. Павагаўшыся, я скруціла галаву адной з іх і добра-такі пляснула ў малінкоўскую шклянку. Бухнулася на лаўку і хутчэй сербанула са шклянкі, каб перабіць згрызоты сумлення. Бо ў глыбіні – а нават і на паверхні – гэтага самага сумлення я ведала, што мне піць нельга.

Калі шклянка апусцела, я ўжо глядзела на свет нашмат больш аптымістычна. З глыбіні алкагольнага ап’янення, як гусь з калюжыны, я задаволена высунула галаву і мірна радавалася.

Ну сапраўды, што ж такога асаблівага адбылося ў гэтую ноч пасля дажджу, якую я правяла на гародзе? Ды нічога! Лёніху і Міхася я наогул адкінула ад разгляду: ну, быў у людзей клопат, хай сабе і ноччу. Абаіх я ведаю настолькі добра, што падазраваць іх у нечым дрэнным проста не магу. Не, цалкам верагодна, што Лёніха цягалася куды-небудзь з не вельмі добрапрыстойнай мэтай (варажыла на полі Макаручкі, каб у той не радзіла бульба, даіла таемна кароваў з калгаснага статку, што стаяць табарам ля Хутара…), а Міхась, здольны як паэт хутка і моцна закахацца, сапраўды ішоў да якой маладой дачніцы, але гэта не мае да мяне ніякага дачынення і застаецца іх прыватнай справай.

Што ж датычыць прывіда за мяжой, дык гэта, напэўна, быў сапраўды прывід, то бок мне падалося. Я ўсё ж жыву ў ХХІ стагоддзі і маю вышэйшую адукацыю. Прывідаў не бывае. Яго там і не было. Прымроіўся ад празмернай стомы ды бяссоннай ночы. Чалавек жа ля акна – таксама дачнік, законны спадкаемца Сівога, заўзятар алкаголю і таго, што дрэнна ляжыць, гнаны гэтымі жарсцямі, шукаў магчымасці іх наталіць. Дробязь. Такіх цяпер хмары. Як машкары.

Стукнулі дзверы. Бабуля, абапіраючыся на кіёк і папраўляючы акуляры, выйшла на кухню і выказала здзіўленне, што я ўжо не сплю. Я, зрабіўшы пэўны высілак, сфакусавала позірк і спыталася, што сёння варыць. Бабуля прапанавала боршч з буракоў і картоплю і пайшла адчыняць курнік.

Такім чынам, усё стала на месцы. Закрычалі, вырваўшыся на волю, куры. Пырснуў у акно першы на сёння прамень сонца. Пачалася раніца.

Але як сварылася бабуля, калі даведалася, што я ноччу абгарнула бульбу! Як ганіла мяне, што цягаюся па начах па лесе! Гэта нагадала мне яе лепшыя гады.

Чорнае балота

Гэтым летам я як хамяк на коле: пакуль кола стаіць, набіваю запысныя мяшкі, разглядаюся з цікавасцю, нават прыгажосць наводжу… Але вось нехта крутане кола – і пабегла. Спыніцца немагчыма. Шалеючы. Знемагаючы. А саскочыць з кола не дазваляе слабаразвітасць мозгу.

…Я тулялася па хаце, не ведаючы, за што ўзяцца. Дакладней, ведаючы, і нават добра ведаючы – трэ было б прыбраць хату перад прыездам Улі – толькі вось брацца за анучу катэгарычна не хацелася. Замест таго, каб шчыраваць па закутках з пыласосам, я павалілася на канапу ды шчоўкнула тэлевізійным пультам.

– Радетели за народ всех мастей и оттенков, – адразу ж пачулася з ажылага экрана, – давно обанкротившиеся политиканы и воротилы бизнеса, для которых банкротство – лишь вопрос времени и интереса правоохранительных органов, усмотрели в объявленных досрочных выборах возможность удовлетворения своих мелких, но навязчивых амбиций.

«І дзе ўсё ж такі бярэ БТ[8] такіх дыктараў? – ляніва думала я. – Тэарэтычна зразумела, паводле якіх крытэраў іх там адбіраюць. Але, але, але… Такую вось трэба добратакі пашукаць. Прысы[9] на шырыні плячэй, вочкі як свярдзёлкі ў глыбіні залежаў тлушчу. Тлушч нават на лбе. Цыцкі распіраюць зялёную бліскучую апранатку – ну рыхтых рапуха на нерасце. Ды пры такой знешнасці верх кар’еры павінен быць: сядзець у ачку ды абвяшчаць: «Занята!»

– Вот и сегодня, – вяшчала тым часам бабішча ў тэлевізары, – появился очередной кандидат в президенты. На этот раз это некто Антон Бобылёв, директор унитарного предприятия «Гамма».

Мяне падкінула на канапе. На экране змянілася карцінка: мой муж, седзячы ў сваім кабінеце, нешта гаварыў, але словаў чуваць не было, замест яго рапуха за кадрам працягвала:

– Белорусский народ прекрасно помнит, сколько бед принесло ему в прошлом чернобыльское гаммаизлучение, сколько горя и слёз, материнских бессонных ночей, страданий детей. Гамма – знак беды для нашего народа, и симптоматично, что человек, возглавляющий предприятие с таким названием, пользуясь демократичностью нашего государства – возможно, излишней, – пытается добиться своих явно неблаговидных целей за счёт либеральности белорусских законов. Несомненно, что наши люди смогут отличить подлинное от наносного, и разберутся, что на самом деле представляет собой каждый из кандидатов, и кто из них действительно способен защитить нашу страну от катастроф и опасностей…

Яна трындзела далей, але я ўжо не слухала.

Забалела і затачылася галава. Ён звар’яцеў! Кінулася да тэлефона – і гарадскі, і мабільнік намёртва занятыя. Звар’яцеў! Невідушчымі вачыма я глядзела на экран тэлевізара, па якім ужо ганяліся нейкія бульдозеры.

Ён здурэў, гэта зразумела. Нічым іншым нельга патлумачыць такога кроку. Даб’ецца цікавасці праваахоўных органаў, калі не чаго горш. Даб’ецца таго, што і яго, і косці яго продкаў да дваццатага калена рытэльна перамыюць і таксама рытэльна змяшаюць з брудам. Даб’ецца таго, што выцягнуць на свет і мой жах, які я лічыла нарэшце пахаваным.

Вечар прайшоў сумбурна. Тэлефоны Антона па-ранейшаму раздражнёна выяўлялі занятасць, тэлевізар я проста баялася ўключаць. Баялася я і тэлефонных званкоў, якія маглі ўжо сёння раздацца тут у мяне ў Дабрацічах, але іх пакуль не было. Стары тэлефонны апарат на палічцы ў кухні старой хаты маўчаў і нараніцу – гатуючы снеданне, я міжволі прыслухоўвалася.

Раптам, як працяг маіх трывожных чаканняў, з лесу пачуўся адчайны дзіцячы крык. На такі крык рэагуеш імгненна. Віхурай вылецеўшы з хаты, я адрухова схапіла пласкарэз Фокіна, што стаяў ля ганка і кінулася за брамку. Краем вока пабачыла, што ад курніка, спіраючыся на кульбу, спяшаецца за мной і бабуля.

Што там? Шалёны сабака? П’яны бандыт?

Праз некалькі секундаў, вырваўшыся за плот, я пабачыла дзяцей.

Збялелыя, спалоханыя, залітыя слязьмі твары. Дзяўчынкападлетак, сагнуўшыся, трымалася за лытку.

– Змяя! Мяне ўкусіла змяя!

– Боюсь! Боюсь! – заходзілася другая, меншая.

– Укусіць нас, укусіць! – у жаху паўтараў хлопчык.

Гэта была гадзюка. Яна не ўцякала. Тоўстая. Маленькая галоўка. На ігліцы. Побач з гурбай хмызу. Цэлячы ў шыю, я ўдарыла па ёй пласкарэзам, і сама ледзьве не закрычала, калі безгаловае тулава пругка заматлялася, плямячы крывёю пясок.

Калі гадзючына кроў капае на хлеб, хлеб стогне. Пясок – не, пясок маўчыць, што б на яго ні лілося. Я не баюся паўзуноў да непрытомнасці, але цяпер вясёлкавае кола закруцілася ў мяне перад вокам.

– Абапрыся на мяне, дзяўчынка. Не крычыце, дзеці! Тут больш няма змеяў. Не крычыце, я сказала!

Але дзеці крычалі. Бабуля ўжо амаль бегла, і я падумала, што яна немінуча ўпадзе і тады немінуча зломіць шыйку клуба. Але гэтага не адбылося. Паспяхова дабегшы да нас, яна кінула навокал надзіва востры погляд праз свае таўшчэзныя акуляры, раптам выхапіла ў мяне пласкарэз і з размаху гакнула проста ля маёй нагі. Яшчэ адна, меншая трохі, змяя ў курчах задзерлася і зазвівалася на моху, яшчэ адна маленькая галоўка адскочыла ад тулава.

Якія норы свае шукалі яны тут – невядома, ці можа ў іх тут было спатканне ці сімпозіум (перадвыбарны сход?) – не знаю. Раней ніколі ў Дабрацічах змеяў не было.

– Выклікай «хуткую»! Бягом! – распарадзілася бабуля. – Гэта Уругвайцавы ўнукі.

Высілкам волі я пераадолела дурноту, што была падступіла да горла, і пабегла дамоў. Калі, ужо ад брамы, азірнулася, укушаная дзяўчынка кульгала да плота, спіраючыся адной рукой на пласкарэз, другой – на бабіну кульбу, а баба вяла за рукі сплаканых малых.

Бесталкова тыкаючыся ў дыск, я набрала нумар Зарніцкай.

– Ленка, тут дзяўчынку ўкусіла гадзюка, у нагу, што рабіць?

– Не панікуй. Забяспеч спакой назе. Ніякіх жгутоў. Можаш даць моцнага чаю ці лепш кавы. Вы ў Дабрацічах?

– Так.

– Буду праз пяць хвілінаў, я ў Страдчы.

Я паставіла чайнік на газ і кінулася насустрач Зосьцы – цяпер я яе пазнала, гэта сапраўды была Уругвайцава ўнучка.

Нага пухла на вачах, сіне-чорная фарба, здавалася, разлівалася пад тонкай скурай. Зоська ўжо амаль не магла ісці.

– Патрывай, зайчык, зараз прыедзе цётка Алена, і кавы зараз табе дам, табе палепшае ад яе.

Зося няпэўнай рукой выцерла пот з ілба і асела мне на рукі. Я падхапіла тоненькае цельца пад пахі, данесла да гамака. Зося страціла прытомнасць, адвалілася назад, і, неяк дзіўна булькочучы горлам, здавалася, хацела нешта сказаць. Слупянеючы, я глядзела на яе і не ведала, што рабіць.

– Галаву, галаву павярні! – бабуля ўзнікла зза маёй спіны і сама павярнула дзяўчынку на бок. Зосю вырвала.

Засвісцеў чайнік. Я хутка запарыла каву, але не паспела даць яе – бразнулі дзверкі Ленчынага «мерсэдэса», і вось ужо мая дарагая сяброўка, у нязменным чырвоным вырвівокаўскім гарнітуры, бяжыць да нас, адкрывае зноў-такі нязменны чамаданчык, ломіць галаву ампуле з празрыстай вадкасцю і робіць Зосьцы ўкол, ушчыпнуўшы тонкую руку.

– Так, паехалі ў бальніцу, – распарадзілася яна. – Не бойцеся, ад укусу гадзюкі яшчэ ніхто не памёр, але трэба паехаць – навошта ёй тут мучыцца, трэба кропельніцу паставіць з антыдотам.

Мы занеслі Зосю ў машыну і ўладкавалі на раскінутым крэсле – у Ленкі мікрааўтобус, – я падсадзіла туды ж малых і скочыла сама.

– Асцярожныя будзьце! – баба засталася ля плота. – З Богам!

Малых па дарозе высадзілі каля Уругвайцавага дома, хуценька патлумачыўшы сітуацыю цётцы Кацьцы.

– Навошта ж было забіваць змеяў? – незадаволена адчытвала мяне Зарніцкая, калі я расказала ёй пра абставіны сённяшняй раніцы. – Невук!

– А што я мела рабіць!? – абурылася я. – Карміць іх малачком з місачкі?

– Злавіць і адвезці далёка ў лес! Ці на Чорнае балота! – адрэзала Ленка, абыходзячы на павароце нейкі лядашчы «форд». – Што за цемра – як што, дык адразу забіваць змеяў! – яна абурана націснула на газ, і стрэлка спідометра папаўзла да ста сарака (ёсць свае плюсы ў тым, што брук часоў санацыі залілі асфальтам нашых часоў – заўважу ў дужках). – Усе выпадкі смерці ад укусаў атрутных змеяў у Еўропе – насамрэч вынікі няправільна аказанай дапамогі. Так званай дапамогі! Закруцяць жгут на назе – і маеш атручанне прадуктамі распаду тканак. Ці пакладуць на спіну – і чалавек у непрытомнасці захлынаецца ванітамі («Галаву, галаву павярні!» – халадзеючы, успомніла я). Элементаршчыны не ведаюць! А як пласкарэзамі лупіць – гэта ведаюць…

Кола адпусціла, і я заўважыла, што еду ў Брэст у перапэцканай спадніцы і вынашанай, у дробныя дзірачкі, майцы. Ленка кіравала машынай, чытаючы мне лекцыю па асновах медыцынскай дапамогі, адной далонькай павяртаючы стырно, а другой рукой набіраючы нумар прыёмнага пакоя абласной бальніцы – там яе таксама ведалі, бо і дактары трымаюць хатніх жывёлаў.

Ленка – ветэрынар. Яе маці калісьці гвалтам не пускала яе ў ветэрынарны інстытут – у нашыя маладыя гады «звярыныя дактары» маглі спадзявацца адно на працу ў калгасе, і Ленчына маці шчыра не хацела дачцэ такой долі. А хацела, каб яна працавала настаўніцай – гэта гарантавала заробак і сацыяльны статус. Маці не магла прадбачыць, як усё павернецца і хацела як лепей. Не магла прадбачыць і Ленка, але ўсё ж настаяла на сваім, бо, колькі я яе памятаю, пяшчота яе да ўсяго, што дыхае, была невымернай. Так Ленка не зрабілася настаўніцай, а стала ветэрынарам, адначасна пайшоўшы з сям’і, бо маці яе не прабачала непаслушэнства, а гэта быў ужо сапраўдны бунт. Цяпер Ленка мае сваю ветлячэбніцу, дзвюх дачок ад розных мужоў і ўнука. Чырвоная марынарачка Ленкі зрабілася ў Брэсце і ваколіцах знакамітай; да нас яна прыехала са Страдзічаў, дзе прымала роды ў сенбернарыхі коштам паўтары тысячы еўра – улюбёнкі сям’і баптысцкага прэсвітара. У яе незвычайныя рукі – шырокія, моцныя, з доўгімі гнуткімі пальцамі, фенаменальная інтуіцыя і здольнасць не спаць дні і ночы, таму мяне не дзівіць, што яна стала вельмі заможнай. Трэці муж Ленкі маладзейшы за яе на пятнаццаць гадоў; пасля таго як ён сказаў аднойчы, што дзеля яе здольны стаць не толькі герантаманам, але і некрафілам, яна пагадзілася выйсці за яго замуж.

А пазнаёміліся мы з Зарніцкай на бульбяніку. Яна тады вучылася ў шостым класе ў 13-й брэсцкай школе і была першай, хто загаварыў з намі, дзеравенскімі, якія выбіралі бульбу на суседніх барознах. І адзінай, не выключаючы і настаўнікаў, хто не кпіў з нашай мовы. Потымпотым, калі мы з Улянкай моцна пасябравалі з Зарніцкай, яна атрымала ад нас мянушку ЗаранадБугам, або Зарніца – ад прозвішча і подпісу: Зара – і закавыка.

Зосю ўладкавалі ў рэанімацыю, у асобны бокс. Пачувалася яна лепш – падзейнічалі супрацьатрутныя лекі. Доктар запэўніў мяне, што небяспекі ніякай няма, і, дамовіўшыся, што вечарам Зосю наведае Зарніцкая, а заўтра прыеду і я, мы паехалі назад – Ленцы трэ было вярнуцца ў Страдзічы.

У Дабрацічах, высадзіўшы мяне, Алена падняла капот, каб нейкую там трасцу паправіць, і папрасіла прынесці папіць. Таму першай бабу пабачыла я сама: адваліўшыся, яна сядзела за сталом на верандзе, на лаўцы, галава закінутая, хустка трохі спаўзла. Ямка рота. Акуляры коса на худым жаўтаватым твары.

Яна была мёртвай.

Чужая смерць

Увесь пахавальны клопат і само пахаванне прайшлі для мяне змазана. Улянка яшчэ паспела прыехаць. Людзей прыйшло няшмат, але адусюль: утравелымі сцежкамі, зарослымі кукальнікам ды пурхаўкамі, пад хмарай, што гадавалася за Бугам, з Страдча, Дурычаў, Заказанкі прыйшлі маладзейшыя за яе, нашу бабу. Дабрацінцы сабраліся ўсе, акрамя старой Лялькі, якая даўно не ходзіць. Прыйшоў Афанасий Петрович – бабулін дружбак з дачнікаў. Сёння ў яго за поясам адсутнічала нязменная сякерка, але штаны былі тыя самыя – чыста памытыя, некалі даўно сінія. Ён адзіны заплакаў, калі труну з хаты вынеслі на двор. Ды яшчэ чапля, якая, выгнуўшы гакам шыю, пралятала ў гэты момант над дваром, крыкнула: «Ай!» Я бачыла ўсё праз нейкае чорнае сіта – людзей, труну, чаплю, святлейшую за хмару, якая паўзла за ёй… Уляну, Уругвайца, Лёніху, Ярашыху, Аксанку…

Аксанка, задыханая, прыкаціла на ровары апошняй. Я яе не адразу і пазнала: яна не папаўнела, як можна было б чакаць, але за час, што мы не бачыліся – а гэта год дзесяць – змянілася непазнавальна. Яна была як апушчаная ў ваду. Мы з ёй вучыліся ў адным класе, а зараз яна дырэктаравала ў той самай страдзіцкай школе, дзе мы раней вучыліся. Кіўнуўшы нам, яна паклала ровар на траву, падышла да труны і пацалавала бабулю ў лоб. Выпрасталася, задумалася, пагладзіла бела-карычневую руку нябожчыцы.

Хоць мне і нельга па звычаі, але я мыла бабулю разам з Ярашыхай і Кацяй Уругвайцавай – самі б яны не ўправіліся. Ногі і рукі адмыць не ўдалося – за пазногцямі, у дробных трэшчынках, у капілярах скуры засталася зямля, якая так моцна ўелася ў скуру, што яе не брала ні мыла, ні пемза, і цяпер я падумала, што наша баба, якая хутка стане дабрацінскай зямлёй зусім, была дабрацінскай зямлёй і раней – прынамсі, часткова. Прынамсі, у частцы рук і ног.

Трымаючыся за край труны, Аксанка загаварыла. У яе змяніўся нават голас – у ім не стала самых высокіх і нізкіх тонаў, і гучаў ён занадта роўна. Гаварыла яна па-нашаму, і людзі здзіўлена паднімалі галовы: відаць, не чакалі такога ад дырэктаркі школы.

– От і зноў нам сходка. Зноў хаваем. От і вітэ, цётка Макрынё, ад нас пайшлі. Нарабіліся, напрацаваліся за жыццё, не было вам ні водпуску, ні выхадных – спачнеце зараз. Зямля вам пухам. Бог вашу душу прыме і каля сябе пасадзіць. А мы астанемся тут адны, без вас. Зарастуць бур’яном вашы чорныя сцежкі. Не будзе нам вашае мовы і вашае рады…

Толькі лёгкая бялявая кудзерка выбівалася зпад Аксанчынай чорнай хустачкі зусім па-ранейшаму, як у дзяцінстве; на твары, у выразе сукенкі на грудзях выступілі дробненькія кропелькі поту, хаця на вуліцы хутка і прыкметна халадала.

– От мы хаваем сёдня вас, і нам горка, горка на сэрцы – даўно ўжэ мы сіроты, а без вас асірацеем яшчэ больш; мы вас пахаваем, а як прыйдзе наша гадзіна, хто пахавае нас? Чы астанецца тут хто? Але… У нашу гадзіну з нас і будзе спрос – а вітэ спіце спакойна, пражылі жыццё дастойна і праведна, цётка, а мы вас не забудзем.

Аксанка пакланілася і адышла.

Хмару працягвала холадам, дажджу зноў не будзе. Парывы ветру насілі па двары салодкі пах скабіёзы і ад жоўтага аслінніку пах нябожчыка. Труну павезлі на могілкі возам. Хто прыйшоў з іншых вёсак – рушылі следам. Дабрацінцы, акрамя Уругвайца, на могілкі не пайшлі – не хадакі. Не тыя гады. Не пайшла і Аксанка – абняўшы Уляну, прытуліўшыся да мяне, патлумачыла, што ёй тэрмінова трэба вярнуцца ў школу, куды сёння павінны прывезці новыя дошкі і парты, і паабяцала днямі зайсці…

Няцяжка расказваць пра пахаванне. Пра паніхіду пад высокімі надмагільнымі бар’якамі, пра пясок, які, высыхаючы на вачах, час ад часу сплываў струменьчыкамі ў свежавыкапаную магілу, пра той момант, калі века труны зачыняюць, калі апускаюць труну ў яму, і кідаюць следам крыж-накрыж ручнікі… Я бачыла каля сябе сваё жывое адлюстраванне – сястру, дрыжыкі на яе руках, белы твар. Бабуля строга і не раз наказвала нам, каб мы не плакалі на яе пахаванні – плакаць па такой старой людзіне пярэчыць дабрацінскаму этыкету. Улянка не плакала; не плакала і я, але не таму, што трымалася наказу бабы, а таму, што мяне мучыла, чорным сітам зацягала свядомасць адно пытанне, пра якое я яшчэ не паспела расказаць Уляне… Няцяжка расказваць, цяжка было там стаяць.

Усе гэтыя дні было многа клопату, і Улянка нават не паспела яшчэ разабраць свае рэчы. Як прывезла з вакзала валізу, так яна і стаяла ў сенях. Нам не было калі пагаварыць, а тое, што я мусіла паведаміць ёй, нельга было гаварыць у гарачцы. Пільнуючыся старога звычаю, мы сядзелі па начах каля бабулінай труны – але толькі на змену, і пагаварыць не было як. Днём прыходзілі бабы – толькі днём, бо ўжо не тыя гады, каб па начах блукаць лесам… А нам у гэты час трэба было: купіць труну, выкапаць магілу, дамовіцца з папом наконт паніхіды, пачысціць трыццаць два селядцы і столькі ж карпаў, напячы мяккіх катлетаў на старыя дабрацінскія, страдзіцкія, заказанскія зубы, купіць гарэлкі і вадзічкі – і яшчэ сто дваццаць пяць справаў парабіць… Добра яшчэ, што Зарніцкая дапамагала, ездзячы ў Брэст з Брэсту на сваім «мерсэдэсіку». Прыехаўшы сёння, яна выбрала хвілінку і ціха спытала ў мяне: «Сказала?» – «Не, – таксама шэптам адказала я. – Пакуль не».

Ні Антон, ні Юрка на пахаванне не прыехалі. Юрка, Улянін муж, якраз быў у Кракаве, рыхтаваў кангрэс архітэктараў, адказным арганізатарам якога ён і з’яўляўся, і мы вырашылі, што яму трэба заставацца там, давесці справу да канца, бо, калі ён з’едзе, кангрэс можа сарвацца. А на Антона я разлічвала. Я так і не змагла да яго дазваніцца і вымушана была даць тэлеграму. Позна вечарам ён пазваніў мне сам. Далёкім голасам паспачуваў, пашкадаваў, што не зможа прыехаць, прапанаваў прыслаць памочніка з грашыма і машынай. Зазлаваўшы, я адмовілася ад такой дапамогі і ўжо хацела кінуць слухаўку, як раптам успомніла рапуху ў тэлевізары – я была ўжо паспела намёртва (які страшны каламбур!) забыць пра яе і ўсё з ёй звязанае.

– Тосік, што ты там уздумаў? Навошта табе гэта? Я так баюся за цябе…

– Не хвалюйся, – Антонаў голас памякчэў, прыблізіўся, ён яўна не чакаў гэтага Тосіка, памяткі маладосці, якая вымавілася нечакана і для мяне самой. – Усё будзе вельмі добра. Ты ж ведаеш, я заўсёды гуляю толькі напэўна, з казырамі.

Як недарэчна разанула гэтае «гуляю»! Даўнавата мы з табой ужо не гулялі, я наогул забыла, што такое гульні – усё ў нашым жыцці было нават надта сур’ёзна. Але я не паспела сказаць пра гэта – у кухню, дзе я гаварыла, зайшоў Уругваец, за ім – заклапочаная Уляна. Мая прысутнасць патрабавалася на чарговай гаспадарчай нарадзе, і я паспяшалася развітацца.

Пасля памінак мы з сястрой не сталі прыбіраць.

– Хадзем наверх, – прапанавала Улянка, калі ўсе разышліся зза вялікага, састаўленага з трох, стала. – Паляжым крышку. Ногі дыгаюць.

У сваім пакоі яна апусцілася на канапу і закрыла вочы рукой – бабін жэст, які мы абедзве перанялі.

– Здаецца, зрабілі ўсё так, як яна наказвала, – сказала сястра, не адкрываючы вачэй. – Як хацела. Поп толькі мне не вельмі спадабаўся – занадта спяшаўся, па-мойму.

– Улянка, мне трэба паведаміць табе адну важную рэч.

Улянка расплюшчыла вочы.

– Бабуля памерла не сама, не сваёй смерцю. Яна памерла ад таго, што нехта дабавіў у каву сардэчны прэпарат – кардыёстымфортэ. Я заварыла каву для Зоські, калі яе ўкусіла змяя, але даць не паспела – Зарніцкая павезла нас у бальніцу. А бабуля, відаць, па сваёй звычцы (каб дабро не прападала) дабавіла ў каву малако і стала піць… А ў каве быў гэты лек…

– Адкуль ты ведаеш? Чаму не сказала раней? – голас Улянкі гучаў глуха.

– Кубак з кавай, выпіты напалову, стаяў перад ёй на стале, калі я прыехала. А ведаю напэўна, дзякуючы фенаменальнай нюхаўцы Зарніцкай. Калі яна прыбегла на мой крык на веранду, кінулася да бабулі і амаль адразу абвясціла: «Яна памерла». Знаеш, лішні раз пабачыла, якая яна спраўная і якая я недарэка. Яна запатрабавала, каб мы перанеслі бабулю ў хату, выклікала хуткую – а раптам рэаніматары ўсё ж… Да прыезду хуткай рабіла штучнае дыханне… А потым, калі хуткая канстатавала смерць і паехала, мы вярнуліся на веранду, я сядзела як ідал, нават нічога не магла гаварыць, а яна пачала набіраць па мабільніку Хведзьку… Раптам бачу, яна неяк панюхала паветра – як сабака, бывае, робіць стойку. Потым падышла да стала, узяла кубак з кавай, таксама панюхала і пакаштавала на язык… Потым паглядзела на мяне дзіўна і кажа: «Ведаеш, Алка, у гэтую каву нешта дабаўлена. А ну дай пачак!» Яна забрала пачак з сабой на аналіз. А вечарам, калі прыехала зноў, сказала, што і ў заваранай каве, і ў пачку знайшла кардыёстымфортэ. Вельмі вялікую дозу. Досыць вялікую, каб выклікаць сардэчны прыступ.

– А дактары з хуткай не заўважылі нічога падазронага?

– Канечне, не. Дзевяноста сем год! Што тут падазраваць, якая тут можа быць прычына смерці, акрамя старасці? Напісалі даведку, і ўсё. У даведцы напісана, дарэчы, што прычына смерці – сардэчны прыступ, але нікому б да галавы не прыйшло, што ён – справакаваны. Ніхто нічога не заўважыў бы, каб не Зарніцкая.

Мы глядзелі адна на адну. Дзве сястры, падобныя да немагчымасці. Толькі адна крышачку кульгавая целам і вельмі кульгавая душой. Я чытала яе думкі, як свае. Улі праз мяне дасталася за жыццё пад бок і пад галаву; як сястра я не падарунак. Бывала ўсялякае. Яна расшуквала мяне ў хрушчобах у Менску на Розачцы і знаходзіла там у непрытомным стане. Яна плаціла дактарам за вывядзенне мяне з запою. Было, мы з ёй год не размаўлялі. Ёй прыйшлося дзеля мяне даваць хабар. І аднойчы я ўжо была прытарочана да справы аб забойстве.

І вось зноў.

Самае галоўнае, гэта была абсалютна незразумелая сітуацыя. Хто, навошта падсыпаў кардыёстым у каву? Навошта і хто?

– Так, – Улянка памаўчала. – Ну, куды ўляпалася цяпер?

Я заматляла галавой.

– Не, я тут не пры чым, дакладна. Нават уявіць не магу…

– А я магу! – сястра раззлавана ўсхапілася і захадзіла па невялікім пакоі. – Я магу! Ты зноў бярэшся за сваё! – яна села і пацёрла лоб. – Колькі ўжо можна, Ала! Мы ж дамаўляліся!! Ужо пяцьдзясят не за гарамі!

Я маўчала, стрымліваючы слёзы, якія, як заўжды, падступілі нечакана.

Улянка ўзяла сябе ў рукі.

– Ну, выбачай, сястрынка, – яна села і абняла мяне за плечы.

Я выцерла вочы.

– Гэта ты павінна мне выбачыць.

– А твой кардыёстым дзе? – спыталася Улянка.

– На месцы.

У мяне праблемы з сэрцам, і я павінна пастаянна прымаць гэты прэпарат, але толькі па паўтаблеткі ў дзень. Усе мае лекі выявіліся некранутымі.

– Так, так, так… Значыць, сітуацыя такая. Нехта падсыпаў у каву моцны сардэчны прэпарат. Можна меркаваць, з мэтай атруціць. Наколькі я ведаю, ім можна смяротна атруціцца нават здароваму чалавеку, калі доза будзе вялікая. А хвораму – вось як табе…

– Або табе, – кінула я.

Улянка на секунду задумалася і кіўнула.

– Так, або мне, – дастаткова проста трохі перавысіць дозу, каб справакаваць небяспечны сардэчны прыступ… Зосі, можа, нічога і не было б – яна маладая і ў яе, Богу дзякаваць, з сэрцам парадак… У бабулі сэрца было вельмі зношанае, гэта так, але яна ніколі і не піла кавы… Я, прынамсі, не помню, каб яна рабіла гэта. Ты правільна заўважыла: што яна выпіла каву – выпадковасць. Значыць, значыць, значыць… Значыць, можна сказаць з пэўнасцю: кардыёстымфортэ ў каве быў прызначаны не для яе… Для цябе?

– Не знаю. Але я бачыла смерць. За мяжой, ноччу.

– Алка, я заўважыла пачатую бутэльку віскі за лядоўняй на верандзе… Не здзіўлюся, калі ты бачыла чарцянят ў міжскрынкавай прасторы.

Прылоўленая на гарачым, я маўчала. У хаце было вельмі ціха.

– Бабуля памерла не сваёй смерцю. Чужой. Або тваёй, або маёй. Вось усё, што мы можам цяпер сказаць.

– Не, я сапраўды бачыла смерць, – пачала тлумачыць я і спатыкнулася. Да мяне раптам дайшло, што сказала Улянка. – Тваёй смерцю? Цябе маглі спрабаваць атруціць?

Невядомы зламыснік хацеў смерці Уляны? Я выказала такую здагадку проста праз раздражнёнасць, праз тое, што сястра адразу абвінаваціла мяне. А яна паставілася да гэтага так сур’ёзна?

І тут, у той час, калі я невымерна здзівілася, у час, калі сонца спусцілася досыць нізка і яго промні падкрэслілі ў кожнай фарбе чырвоныя адценні, калі святло на дварэ ненадоўга стала зусім фантастычным, а камлі бар’якоў – мядзянымі, пачулася знаёмае тахканне матора: трактар «Беларусь» жвава бег да нашае брамы, за ім меланхалічна, але таксама хуценька, трусіла кабылка ў возе.

Гэта ехалі да нас Толік і Валік. Яшчэ два чалавекі з нашага дзяцінства. З якімі звязаныя не агульныя, а розныя ўспаміны сясцёрблізнятак. Мой Толік – гэта мая частка ўспамінаў: зялёны мох, туман, пясок, які наліпае на халодную скуру, худзізна, дзякуючы якой лёгка пералічыць рэбры…

І бранілся непотребно, ібо бысть упоен владою…

Мой Толік.

Да замуства справа не дайшла. Пасля школы мы з Улянкай папёрлі ва ўніверсітэт, а Толік – у войска. А на другім курсе я ўжо не лічыла, што Толік – маё наканаванне. А на трэцім з’явіўся Антось. Не магу сказаць, што я ніколі не задумвалася, як бы магло пайсці маё жыццё, калі б я не праігнаравала аднойчы запрашэння ў Прылуцкі клуб на танцы… Але, як бы там ні было, я яго праігнаравала.

Цяпер Толік працуе трактарыстам. Больш за тое, ён трактарыст. Трактарыст. Ён усё забыў. Страшэнны алканаўт; сёлета, як я чула, ён выправіў сына вучыцца ў эканамічны ўніверсітэт у Менск, прычым на платнае. Твар у яго загарэлы да чырвонабурага, а зморшчкі настолькі рэзкія і глыбокія, што дна іх не відаць. Ён вялікі, але ўжо патроху стоптваецца ростам і звужаецца ў плячах. Гандзя, ягоная жонка, актыўна робіць з яго гаспадара цяпліцаў, свінукоў і пальмэтных яблыняў.

Валіка час змяніў менш. Ён – брыгадзір; раней у калгасе «Шлях Ільіча», цяперака – у ТАА «Агравіталіка+». У ім больш засталося ад таго хлопчыка, з якім мы хадзілі ў школу: круглы свежы твар, усмешка… Толькі тады ён быў з першых гарэзаў і свавольнікаў, а цяпер набыў нейкую задуменнасць і закарэў. Раз’язджаючы па ваколіцах на сваім возе, ён ляжыць на сене вальяжна, з форсам, рыхтык як калісьці ягоны дзед. А на службовай «ніве» ездзіць не любіць і амаль ёю не карыстаецца. Не мае куды спяшацца, тлумачыць.

Як ні дзіўна, але я ўзрадавалася. Нягледзячы на пахавальны дзень, я ўзрадавалася, калі, заглушыўшы матор, ляснуў дзверкамі трактара Толік, а Валік, злезшы з воза, грунтоўна прывязаў лейцы да слупка брамкі.

Пакуль мы з Улянкай спускаліся ўніз, спусцілася за Буг і сонца. Зніклі чырвоныя водбліскі; ноч, пакуль што ў сінім, падбадзёрыўшыся, ступіла смялей.

– Не змаглі раней, – яшчэ ад плота гукнуў Толік. – Чарота сказаў: «Што хочаце, а не пушчу! Я і сам мусіў быў пайсці развітацца з Макрыняй Лукашаўнай, але ж надвор’е чакаць не будзе. Нябожчыца сама была гаспадыняю, яна нам прабачыць. Звязем сена – разам на магілу сходзім».

– І праўда ж, хмара за Бугам стаяла, – дадаў Валік, падыходзячы. – Але бач ты, холадам працягло. А ўжо ж яго і трэ было б, гэтага дажджу. Тым больш, што сена сёння мы апошняе звезлі… Так што вы не крыўдуйце, што на пахаванне не прыйшлі. Ну ніяк не выходзіла.

– Што вы выбачаецеся, – махнула рукой Улянка. – Добра, што вось заехалі. Пойдзем дахаты. Вы рукі памыйце, а мы стол спарадкуем…

Мы з сястрой прыбралі талеркі, шклянкі і відэльцы, паставілі чыстыя прыборы. Толік з Валікам адцягнулі два лішнія сталы, і мы селі.

Днём мы з Улянкай не сядалі за памінальны стол. Там паднесці, там падабраць – трэ было паслугаваць людзям, што прыйшлі ў апошні раз да бабулі. Такая была наша задача на хаўтурах, і яна нам даўно, настойліва і падрабязна была ёю ж, бабуляю, расталкавана. Але цяпер вечар, цяпер іншая справа. Цяпер кожная страва скінутая з трох талерак у адну, афіцыйная частка скончылася.

Толік адкаркаваў бутэльку і, на імгненне замёршы над маёй чаркай, запытальна глянуў на Улю. Яна кіўнула, і ён наліў мне. Я на такія рэчы ўжо не рэагую, прывыкла – што будзеш рабіць, алкагалічка, сабой распараджацца не можа.

Цішыня. Цямнее за акном, голая лямпачка. Кожны раз на Вялікдзень у гэтым самым пакоі мы накрывалі на стол. Бабуля ніколі не сядала на пачэснае месца – заўсёды збоку, прыціснуўшыся да каго з дзяцей, але перад першай гаварыла заўжды яна. Звычайна ў вершах – простыя думкі, дзеяслоўныя рыфмы. А цяпер цішыня, і мы маўчым, трымаючы гарэлку перад сабой.

– Дык што я хацеў сказаць? – Толік устаў, чаго я ад яго не чакала. – Мо і не мне трэ было б першаму, але што ж… Я вось што сказаць хачу: першае, што я помню ў сваім жыцці – баба Макрынька. Ды вы ж ведаеце: калі мне было чатыры гады, я на плёсе біў лёд і праваліўся, а яна мяне выцягла. Выратавала. Дык вось помню: хапаюся пальцамі за ледзяныя брылы, а яны выслізгаюць, і то чорная вада перада мной, то белы снег і сіняе неба, і вось раптам мяне хапае за каўнер моцная рука, і я ўжо ляжу на снезе, мне не хапае паветра, а з рота ідзе пара… І яна мяне на рукі, і ўбягі…

Валік раптам засмяяўся і адразу ж сумеўся недарэчнага смеху:

– Ох, цябе яна пёрла ў чатыры гады, а мяне ў пяцьдзясят чатыры…

– Як так?

– Ды з месяц таму, вяртаўся аднекуль праз Дабрацічы, бачу – баба Макрыня цягне мех на спіне, ідзе, на кульбу спіраецца. Я з возу злез, кажу – дайце памагу! А яна праз свае акуляры прыгледзелася, пазнала і кажа: «А, Валічак! Спасіба, але я шчэ цябе пацягну, не толькі мяшок!» – «Няўжэ ж?» – «А от!» – Я смехам падышоў, яна мех зваліла на зямлю, а мяне падхапіла і падняла! Я, праўда, адразу саскочыў, але ад зямлі яна мяне адарвала… Дык памянём.

– А помніце, як яна гэтага тоўстага адшыла? – працягваў Толік, калі мы выпілі.

– Не было нікога ў Дабрацічах, хто б раней за яе ўставаў.

– Мой бацька расказваў, што яна адзіная з жанчынаў магла ўпраўляцца на жняярцы.

– А як яна білася з аграномам?

– А як павесіла шалёнага ката?

– І тапіла кацянятаў, і ганяла сабак, і біла дзяцей, што лазілі ў садок…

– Хто разумее бабулю, той разумее ўсё, – сказала Улянка.

– Якія незвычайныя словы, – заўважыў Валік.

– Гэта не мае, – азвалася Улянка.

– А твой, казалі, падаўся ў выбары? – павярнуўся да мяне Толік. – Рызыкоўны. Дык ты, мусіць, зараз паедзеш у Менск, дапамагаць?

З’ехаць у Менск? Такая думка дасюль мне не прыходзіла. Антон мяне не кліча, а самой напрошвацца… Тут застаецца бабіна хата, бабін сад, бабіна гаспадарка… Я іх не кіну. Адчуваю, што маю абавязак давесці іх да ладу. Адчуваю, што мушу разабрацца з тайнай бабулінай смерці – тут у Дабрацічах, дзе ўсё і адбылося.

Я паглядзела на сястру і пабачыла, што яна мяне разумее.

Пасля другой сястра коратка расказала хлопцам, што бабуля памерла праз тое, што нехта з невядомых прычынаў падсыпаў у каву кардыёстымфортэ.

– Няясна, навошта канкрэтна, для каго, – сказала сястра. – У такой дозе гэта атрута і для Алкі, і для мяне – для любога, у каго слабае сэрца. Але ўдарыла па бабе.

Насычаны гарэлкай Толік, ды пасля другой, не вельмі паверыў:

– Ого! Дык гэта ж дэтэктыў! «Забойства ў Дабрацічах», 1-я і 2-я серыі.

Ніхто не падтрымаў няўдалы жарт.

– У міліцыю трэба паведаміць, – прапанаваў Валік.

Мы з Улянкай пераглянуліся. У міліцыю? Што яны могуць зрабіць у той міліцыі? Калі і завядуць справу па спробе забойства, то будуць млява адпрацоўваць заробак, а праз нейкі час закрыюць справу праз недахоп доказаў… Каму памагла міліцыя? Ці ёсць наогул такія людзі, за выключэннем як у дэтэктывах, што круцяцца штовечар на расейскіх каналах?

– Не, міліцыю мы нагружаць не будзем, – пахітала галавой Улянка. – Там у іх іншых справаў хапае.

– Правільна! Нашто нам міліцыя? Самі разбярэмся! – у Толіку бушаваў энтузіязм алкаголіка, і Валік супрацьпаставіў яму скептыцызм здаровага брыгадзіра:

– Як?

– Трэба думаць! Трэба шукаць, каму выгадная смерць!

– Чыя? Бабы?

– І яе, і цябе, і цябе, – Толік падбароддзем паказаў на мяне і Улянку, якая ў гэты час адышла ад стала і села на канапу. – Трэба напісаць спіс тых, каму вы можаце перашкаджаць у нечым.

– А можа гэта ўжо… – пачаў быў Валік і сціх. – А што то была за кава?

– Звычайная кава, – адазвалася я. – «Якабс», «Крёнунг». Я яе часта купляю. Пачак быў пачаты, я некалькі разоў ім карысталася.

– А калі апошні раз?

– Дык вось не памятаю! Ужо думала, але не магу ўспомніць! За ўсімі гэтымі падзеямі выветрылася з галавы. Я ж часта каву п’ю. Мо ў той дзень зранку? Ці пазатым вечарам? Памятаю, Мішык да мяне заходзіў на тым тыдні, яго частавала, але, канечне, пасля гэтага яшчэ піла…

– Трэба шукаць матыў, – настойваў на сваім Толік.

– Ага, а потым высвятляецца, што забойца – акурат той адзіны, у каго матыву якраз і не было, – заўважыў Валік.

– Але ж трэба з чагосьці пачаць!

– Як бы там ні было, варта звярнуцца ў міліцыю. І павыкідайце, калі ласка, тыя прадукты, што былі ў вас адкрытыя, купіце новыя, – гэта не будзе лішнім у любым выпадку, – заўважыў Валік.

– Паслухайце, – нейкім змененым голасам раптам перабіла яго Улянка. – Паслухай, Алка, ты ведаеш, што ў цябе тут?

За размовай Улянка адрухова ўзяла са століка ля канапы адну з наваленых там тэчак і пачала рассеяна гартаць. Цяпер, трымаючы разгорнутую тэчку на каленях, яна глядзела на мяне з нейкім дзіўным выразам твару.

– Дык ты ведаеш, што ў цябе тут?

– Бадай ці не! Гэта дакументы з архіва, я збіралася з імі працаваць.

– А ты іх хоць праглядала?

– Не было калі. А што?

– Вось слухайце, – і Улянка павольна, каб мы лепш разумелі, пачала чытаць; дзіўныя словы асабліва гучалі ў цішыні вечара.

– «Протэстацыя месцича львовского пана Хрыстофа Сторымовича, цехмистра злотников, на пана Бартоша Костомлоцкого об нападе, обранене и уближене. Одбывалося в городе Берестью Великого княства Литовского дня 28 месяца Липца году господнего 1650. Перед нами, бурмистрами, райцами и лавниками, того дню на справах судовых в ратушу берестейском будучыми, изусно оповедал и скардзил мешчанин места его королевской милости Львовского цехмистр злотников Хрыстоф Сторымович пан Трызна на земянина воеводства Берестейского его милость пана Бартоша Костомлоцкого, господаря Костомлот и земель прилеглых, о том, што ж деи сего року месяца Липца 26 дня, пан Хрыстоф Сторымович, яко чоловек спокойный и никому ни в чом невинный и покоем права посполитого обварований жадной прыкрости и обельги, по своих справах был на реце Бугу, правым берегом шол, шукаючы певны пакунек, схованый там его отцом, паном Сторымой Трызной, гды пан Бартош Костомлоцкий нагле вкупе зе свыми холопами напал, и крваве пана Хрыстофа и бывших с ним людзи обранил и зранил, и прыгрозил забити, и крычал, же не дозволит прывлащать скарб, ктуры ведлуг праву посполитому належіт пану Бартошу Костомлоцкому, поневаж в ему належней земли ест схованы. На то пан Хрыстоф одпорал, же шукает не скарб, тылько певный пакунек небощыка свого отца, и показал таку цедулу, також тестамент пана свого отца, ктуры отец тему 2 лета назад вертался з Берестья до места Львовскего водой Бугом и коло млыну Костомлоцкага нападлы окрутныя апостаты гвалтовники, и имали все майно и забияли люди, аже вратунку не было, ино пред смертью пан Сторыма Трызна поспел заховати лар з клейнотами, ктуры мел з собой, в певнем месцы, и написал цедулу, ктуру цедулу слуга верный до Львува доставил и пану Христофу передал. Пан Бартош шаблею грозил, и бранился непотребно, ибо бысть упоен владою, а холопы киями и ланцухами, прымусили пана Хрыстофа цедулу отдати, а в той цедуле показано, где належит шукати лар з клейнотами. То пан Хрыстоф Сторымович Трызна досведчал, же ест наступца свого отца и просит панув бурмистров, радцев и лавников рачити прымусити пана Костомлоцкого повернуть цедулу и штраф поменёному Костомлоцкому присудити, а маючы в том великий жаль и крывду немалую, і хотячы з тым паном Костомлоцким у суду належного правне поступовати, просил, иж бы тое оповеданье и жалоба была до книг меских берестейских записана. Што ест записано».

Я перавяла дыханне і зірнула на хлопцаў. Валік мройна пасміхаўся, у Толіка блішчэлі вочы, а ўсмешка стала больш акрэсленай і шырокай. Прапалі без следу гэтыя пяцьдзясят гадоў, прапалі і калгас, і ТАА «Агравіталіка+», і нэндза, і клопат, не было ні абседжаных дачнікамі прыгоркаў, ні зялёных рапух у тэлевізары – тут сядзелі дзеці Дабрацічаў, і жыццё было наперадзе, а зямля ў гэты час стала празрыстай, як шкло, і адкрыліся скарбы – і не толькі кляйноты львоўскага ювеліра… Улянка глядзела на нас насмешліва – але відно было, што і яна, гісторык, якому не ў навінку трымаць у руках старажытныя паперы, уражаная.

– Ну як, усё зразумелі? – спыталася яна.

– Што ж тут не зразумець, – Толік шумна ўздыхнуў. – Нейкі ювелір плыў Бугам, на яго напалі бандыты…

– Рэкеціры, – удакладніў Валік.

– Ага, рэкеціры, а ён перад смерцю схітрыўся схаваць лар з каштоўнасцямі ды яшчэ перадаць сыну цыдулу… Запіску, значыцца, дзе той лар шукаць… А далей што было? Аддаў той пан Кастамалоцкі цыдулу? І што са скарбам?

– Тут больш нічога, здаецца, няма. Далей ідуць іншыя акты.

– І ўсё гэта адбывалася вось тут, паблізу! Не верыцца.

– А што ж ты думаў, што тут людзі не жылі? Не елі, не пілі, грошы не зараблялі?

– Цікавая ж твая работа, Алка! Гэта не на трактары гной вывозіць.

– Ды якая яна мая! Калі б Улянка не пачала праглядаць папкі, я б іх так нечытанымі назад і аддала.

Я зусім, трэба прызнацца, забыла пра дакументы з архіва!

Перад тым як паехаць з Менска, я спрабавала знайсці работу – і лепш па спецыяльнасці, чым на Камароўцы гандляваць алеем – і звярталася дзеля гэтага да знаёмых. Вольга Бабкова,[10] задумаўшыся на хвіліну, сказала гэтым сваім голасам, у якім, за закрытымі аканіцамі, напэўна, жыве Вользіна душа:

– Ведаеш што, здаецца, у нас у архіве ёсць магчымасць папрацаваць па-за штатам – расчытваць старыя акты. Гэта, канечне, капейкі, але, з другога боку, і не кепска – будзеш сядзець у сваіх Дабрацічах і разам з тым працаваць, чытаць і набіраць на кампутары старыя дакументы.

Такі варыянт выклікаў у мяне прыліў радасці. Ён падаўся мне ідэальным спосабам паступова вярнуцца да спецыяльнасці. (Хаця, калі падумаць, гэта смаленая кабыла ў чыстым выглядзе: у гадах, калі іншыя рыхтуюцца да пенсіі, я збіралася пачаць працоўную дзейнасць па спецыяльнасці! Але былі ў мяне свае прычыны: я шукала работу, бо мне трэба было адчуць сябе незалежнай; незалежнай мне трэба было адчуць сябе таму, што мой муж Антось знайшоў сабе маладую, і мне пра гэта данесла ананімка па тэлефоне; а здрадзіў мне муж, таму што больш не мог выносіць маёй недарэчнасці і хацеў сабе нармальнага жыцця…)

У архіве мяне нагрузілі гурбай ксеракопій старых нечытэльных актаў. Я гартала грунтоўна сшытыя ў тэчкі ксеракопіі, і мой энтузіязм прыкметна меншаў. Я абсалютна нічога не магла разабраць! Вязь каліграфічных і не вельмі літараў, кірыліца і лацінка… Усё ж такі я вельмі даўно вучыла палеаграфію ва ўніверсітэце, і з таго часу не практыкавалася. У Дабрацічах жа на мяне навалілася гара справаў, таму гэта ўсё і ляжала на стале некранутым.

Сама не чакаючы ад сябе такога, я бомкнула:

– Слухайце, а калі лар гэты так недзе і ляжыць? А што, калі яго пашукаць? Улянка, колькі цяпер могуць каштаваць кляйноты вырабу сямнаццатага стагоддзя?

Улянка паціснула плячыма.

– Залежыць ад таго, з чаго і як яны зробленыя. Калі, прыкладам, срэбныя, то… ну, не ведаю, можа, прыкладам па некалькі дзясяткаў – сотняў даляраў кожны… А калі залатыя, ды добрай, якаснай работы, ды з брыльянтамі, то могуць і вельмі дорага каштаваць… Калі маюць гістарычную і мастацкую вартасць – то наогул немаведама колькі, нават і да мільёнаў… Мяркуючы па тым, што гэты пан Трызна іх шукаў з рызыкай для жыцця, мусіць, былі досыць дарагімі для свайго часу, не біжутэрыя… Здаецца, я нешта чула пра ювеліра Трызну, але дакладна не памятаю, я не спецыяліст па сямнаццатым стагоддзі. Але выкіньце гэта з галавы, – рашуча адсекла сястра, заўважыўшы, што хлопцы, як і я, пільна яе слухаюць. – Шукаць скарб – гэта несур’ёзна.

– Чаму несур’ёзна? – ускінулася я. – Таму што я гэта прапанавала?

– Некалькі соцень даляраў кожны… – задуменна паўтарыў Толік і пачухаў прыгожае брыво. – А сапраўды, чаму несур’ёзна?

– Ведаеце, дарагія мае, увогуле скарбаў як такіх у зямлі многа, гэта вядома. Як сказаў Валік, людзі тут жылі, і грошы зараблялі… А паколькі для мінулых часоў закапаць грошы ў зямлю было таксама натуральна, як нам сёння адкрыць рахунак у банку, і паколькі на кожнага цяпер жывучага прыпадае мноства ўжо памерлых, то зразумела, што і скарбаў павінна прыпадаць нямала, але ж… Скарбы знаходзяць або выпадкова, або ў выніку стараннага збору і аналізу інфармацыі. У дадзеным выпадку інфармацыі яўна замала. Ну што мы ведаем: ювелір схаваў свой лар недзе на Бугу, магчыма, у ваколіцах Кастамалотаў, але гэтыя ваколіцы могуць быць досыць вялікімі, прытым на абодвух берагах ракі, а берагі гэтыя нам недаступныя – правы бераг на нейтральнай паласе, левы – і увогуле Польшча… Самі Кастамалоты на польскім беразе… Усё гэта занадта няпэўна. І потым, вы ж бачыце, лар ужо шукалі: і сын ювеліра, і гэты Кастамлоцкі, напэўна, калі цыдулу забраў… Ды і ці да скарбаў нам цяпер? Мне то напэўна не до тэго, – Улянка устала і зноў падышла да стала. – Давайце яшчэ вып’ем. Здаецца, на памінках трэба піць тройчы, а мы ж на памінках.

Першае знаёмства з Кукалем Іванам Мітрычам

Больш за ўсё наступным ранкам мне хацелася выспацца. Паспаць. Вось выцягнуцца і спаць, спаць, спаць. Даць адклякнуць напятым нервам. Даць спакой целу. Але гвардыя на двары не здавалася і патрабавала свайго ўжо на досвітку; стогнучы, прыйшлося паднімаць сябе з ложка. Куры выляталі з курніка, як дурныя; гусі шалёна гагалі; качкі кракалі; трусы абураліся моўчкі, толькі выразна шморгалі насамі; а калі я яшчэ ў паўсне адчыніла хлявок, свіння ўсчала такі пранізлівы віскат, што я была на мяжы таго, каб забіць яе на месцы сваімі рукамі. Забіць… Гэтае слова ўтыркнула мяне ў рэчаіснасць, як у разетку. У доме адбылося забойства, незразумелае, але яўнае.

Бабулі больш няма.

– Усё засыпана яблыкамі, – Улянка прыпёрла два агромністыя кашы белага наліву і вываліла ў кутку веранды. – Чатыры дні не збіралі, зямля белая.

Я пачала насякаць буракі, мяшаць крупы і ставіць на газ дробную бульбу.

– Чаго гэта ты так рана ўсхапілася? Я дык, каб магла, то і не ўставала б. І трэ было жыўнасць выпусціць, калі ўжо ўстала.

– Не думала, што забаўлюся ў гародзе. Можа, кавы?

– Давай. Усё роўна спаць ужо не лягу.

– А потым трэба яблыкамі заняцца. Не прападаць жа ім. Давай я займуся сняданкам, а ты, можа, пайдзі памыйся, а то глядзець страшна. Дастань з гарышча тыя радны, на якіх баба сушыла яблыкі, – крыкнула яна мне ўслед, калі я ўжо ішла да рукамыйніка.

Рукамыйнік, якога датыкаліся бабуліны рукі. Яе лаўка. Карані дрэваў на сцяжынках, па якіх яна хадзіла. «Зарастуць мае чорныя сцежкі», – часам казала яна, гледзячы ўдалячынь. Няўжо так і не даўмеецца ніхто, навошта мы ўсе топчам чорныя сцежкі?

Запахла кавай, якую запарыла Уляна, узяўшы з новага, прывезенага з Берасця, пачка.

А на гарышчы пахла даўніной. Павуцінне і пыл. Па кутках ляжалі нямногія лахі, якія бабуля не лічыла патрэбным паліць: грунтоўныя кросны, некалькі старых польтаў, тоненькая каета, з якой хадзілі ў школу, пэўна, гадах у 20-х… Я перабірала старыя рэчы і міжволі працягвала думаць пра бабу. Яна была чалавекам яркім, неардынарным, багата адораным… У такіх людзей заўсёды знаходзяцца і ворагі… Ну і што, што ёй амаль сто было, ну і што, што жыла яна, не выязджаючы з Дабрацічаў… Тут таксама кіпяць жарсці… Не, бачыць Бог, гэта нават больш рэальна, чым дапусціць, што атрута ў каве была прызначана мне. Госпадзе, ці ж я каму патрэбная?! Ці, дакладней, каму я да такой ступені непатрэбная? Смешна! Вядома, я бесталковая, але што нікому не перашкаджаю – то напэўна. Яшчэ больш недарэчна лічыць, што нехта хоча смерці сястры. Вось у каго не можа быць не тое што ворагаў, а нават нядобразычліўцаў… Яе любяць усе, каго я знаю. Яна чалавек, чалавек са стрыжнем, чалавекплячо, на якое можна заўжды спярэцца. Камертон, па якім правяраюць дакладнасць гучання ноты. Не, немагчыма паверыць, што яе нехта намагаўся знішчыць.

Запыленая бутля-гамза… У тыя часы, калі знайсці бутэльку, як і абгортку ад цукерак, было раскошай і ўдачай, мы заўсёды бралі яе ў поле, яе было зручна насіць – яна аплецена дротам і з дроту ж зроблена пятля-ручка. Захаваўся нават корак – нейкая туга скручаная паперчына. Я выняла яе. Пад пальцамі разгарнуўся зжаўцелы ліст са сшытка, на якім у паўцемры праглядаўся малюнак. Я падышла да акенца. Гэта мой дзіцячы малюнак? Улянчын дзіцячы? Не. Так малявалі дарослыя ў сярэднія вякі: добра прамаляваныя дэталі, але лініі трохі касыя; многа дэталяў, але прапорцыі парушаныя; маляваў, напэўна, дарослы чалавек, мусіць, нават здольны, але які ніколі не вучыўся гэтаму, нават аловак рэдка трымаў у руках… Там была выява маладога чалавека; каржакаватага, з носам, у кепцы. Прамаляваны каўнер кашулі, гузікі, набойкі на абцасах чобатаў. Рукі тоўстыя, моцныя. Вельмі падобны чалавек і на адвароце. Я прыгледзелася: выцвілы надпіс, некалькі разоў імя: Stepan.

А ніжэй польскімі літарамі, але ўкраінскімі словамі:

Sonce nyzeńko

Pryсhodź, serdeńko

Tody pryjdesz

Jak Lalku prożenesz

Пісала наша баба, здагадалася я. А намаляваны, значыць, той самы Сцяпан. Лёніха, гэтае дабрацінскае інфармацыйнае агенцтва і архіў разам, данесла да нас калісьці гісторыю кахання і здрады, героямі якой былі наша тады яшчэ маладзенькая незамужняя баба, такая ж маладзенькая Лялька і гэты Стэпан. Па словах Лёніхі, Сцяпан і наша баба кахалі адно аднаго і хацелі пабрацца, але потым Лялька адбіла Сцяпана – проста дзеля інтарэсу, ён быў у яе васямнаццаты. Хутка Лялька яго кінула, ён паспрабаваў вярнуцца да сваёй Макрынькі, але яна яго напёрла і выйшла замуж за нашага дзеда Васіля, аднак ніколі ў жыцці Ляльцы не прабачыла. Сапраўды, колькі помню, яны сварыліся, наша баба і баба Лялька… Баба Лялька цяпер бязногая – яе разбіў параліч; у адрозненне ад нашай бабы, яна і ў старасці захавала мілавіднасць; у яе мяккія карыя вочы і зморшчыны, якія Гогаль назваў бы гарманічнымі. Але за гэтай мілавіднасцю крыецца характар не менш моцны, чымся ў нашай ведзьмы.

– Ну і што ты ёй скажаш? – паціснула плячыма Улянка, калі я паказала ёй знойдзеную на гарышчы цыдулу і прапанавала схадзіць да бабы Лялькі. – Чы то нэ вітэ, баба Лялька, атруцілі нашу бабу? Песня пра Грыця нейкая…

– Грыця – не Грыця, але трэба ж, як кажа Толік, з чаго-небудзь пачаць! Можа, выйдзем на нейкую зачэпку, хоць якую! Ці так і будзем тут сядзець і чакаць у бяздзеянні? Я хачу знаць, хто гэта зрабіў і навошта! І потым, ты не думаеш, што атрута можа яшчэ дзе з’явіцца ці яшчэ якая трасца адбудзецца?

– Ну добра, сходзім, толькі давай спачатку яблыкі спарадкуем. Але яна нават не можа хадзіць, баба Лялька. Не, гэта ахінея, немагчыма.

Парадкаванне яблыкаў зацягнулася, бо іх быў мільён, а Улі мусова было перапрацаваць усе. Потым трэ было зноў карміць жыўнасць, парадкаваць хлеў – свіння нарыла горы… Выбраліся, калі ўжо павярнула на вечар.

Хаціна Лялькі не так далёка ад нашай, з другога боку пагорка. Каб прайсці да яе, трэба мінуць маёнтак, які нядаўна набыў пад дачу ў нашчадкаў старога Дзяніса нейкі венеролаг. Цяпер тут дым каромыслам: хату абклалі цэглай, надбудавалі другі паверх, прырабілі абавязковую лазню, сярод двара красуецца басейн, з якога б’е фантан. Тут бегаюць дзеці, пахне шашлыкамі, стол ломіцца, вецер трэпле над ім яркі тэнт. Мы прайшлі ўздоўж плота з рабіцы. Ляжкастыя жанчыны загаралі ў шэзлонгах, мужчыны, якія ведаюць, навошта жывуць, пілі піва. На цаглянай сцяне вісеў вазон з піскам сезона – малінавай сурфініяй.

Ляльчына хата стаіць якраз насупраць. На двары валяецца сухая вужыная шкурка; чорнае драўлянае кола прарастае палыном ля калодзежа. Старая Лялька і яе дачка Лялька таксама абедалі – яны сядзелі на загаце, а на сподачку паміж імі ляжала нарэзаная і пакрашаная алеем цыбуля; яшчэ быў хлеб. Прысмакі, якія мы прыхапілі і якія выступілі нагодай для нашага візіту – маўляў, прынеслі бабе, якая праз бязногасць не магла прыйсці, з памінак куцці, а разам з ёю і яшчэ таго-сяго, – былі тут яўна дарэчы.

Баба Лялька сустрэла нас сардэчна і ветліва; яна так заўжды ўсіх сустракае. Яна пакланілася нам са сваёй загаты і падзякавала, пасадзіла каля сябе і пачала распытваць, але хутка я пабачыла, што нам лепш пайсці: яны абедзве – і Лялька-старая, і Лялька-маладая – былі папросту галоднымі. Голад дасюль быў з імі заўсёдна, як з ісціннымі дабрацінцамі. Але дабрацінскі кодэкс не дазваляў паказваць, што галодны, не дазваляў есці ў прысутнасці чужых.

Лялька-старая валодала сабой лепш, а вось Лялька-маладая з прастадушнасцю вар’яткі не зводзіла вачэй з місак з катлетамі і халадцом. А яна – сапраўды вар’ятка; яна наша раўналетка; зімой і летам туляецца ад бар’яка да бар’яка; у хустцы, зпад спадніцы відаць сарочку з засохлымі крывавымі плямамі; твар густа намазаны бураком або абсыпаны радыкальна ружовай старызнай пудрай. Яна ўвесь час засяроджана думае пра нешта, але гаворыць, пра што б яе ні спыталі, заўжды толькі два сказы: «У тую нядзелю мы былі ў царкве. І ў тамтую нядзелю». Яна штонішто разумее, дапамагае маці: капае і поле гарод, корміць курэй, але ёй трэба казаць. Сама б яна нават вады не выкруціла. Іншых дзяцей, акрамя гэтай нябогі, у бабы Лялькі ўжо няма.

Улянка цішком падапхнула мяне локцем у пуза, і я ўжо памкнулася ўставаць, але раптам мізансцэна змянілася.

Чорная дарагая машына – здаецца, гэта быў «мерсэдэс» – падкаціла амаль бясшумна і спынілася. Адчынілася задняя дзверка, і на пыльную, выпаленую бязлітасным сонцам траву Ляльчынага падвор’я ступіла бездакорная, ідэальна чыстая лакірка, бліснуў шаўковы полыск калашыны – выйшаў мужчына.

Колькі ўсяго было наканавана мне перажыць праз яго! Госпад Бог, напэўна, па смерці памесціць нас недзе побач.

Вельмі прыгожы; моцныя, поўныя сілы і думкі рысы. Твар вельмі плаўна пераходзіць у шыю, а сілуэт моцнага цела трохі шыракаваты праз паўнату. Зрэшты, паўната не празмерная, відаць, што яе трымаюць у запланаваных межах.

Гэты чалавек адыграў мо найважнейшую ролю ў маім жыцці. Твар у яго быў смуглявы, як бы злёгку абпалены гарачым ветрам, і цяпер паветра абвявала яго інакш, чым іншых.

– Добрый день, – спакойна павітаўся ён.

– Добрага здароўя, – троху насцярожана адказала Улянка.

– Меняа заавут Иван Митрич, – незнаёмец гаварыў, канечне, па-расейску; адны галосныя ён каўтаў, а іншыя трохі расцягваў. – А вы, надо думать, Ульяна и Алла? У меня к вам дело, я заезжал счас к вам, но вас не окзаалось, – ён павёў рукой у бок нашай хаты. – Удачно, что вы тут… Ну что, бабшка, наадумалась? – звярнуўся ён да Лялькі.

– А мой ты сынку! То ж я ніц ня знаю! Я ж стара, я ўжэ тут паміраць буду.

– Бабшка, я же тебе всё об’яснял! От ведь старуха, толкую-толкую ей, да толку нет, – павярнуўся ён да нас. – Цяжка са старымі, – ён добразычліва пасміхнуўся. – Вось людзі, – ён кіўнуў на насельнікаў суседняга двара, якія ўсе пільна глядзелі ў наш бок, – нармальныя, разумныя, з імі мы адразу дамовіліся.

Венеролаг, відаць, прыняў жэст Івана Дзмітрыевіча як заклік падысці і адразу заспяшаў да нас.

– Рэч вось у чым: я хачу выкупіць усю гэтую зямлю, – Кукаль шырока павёў рукою. – З пагоркам, крыніцамі, дубровай. Вашыя ўчасткі таксама. Плачу добрую цану. Ідзі, я зараз падыду, – адаслаў ён назад венеролага, і той паслухмяна павярнуў. – Я пабудую тут дом адпачынку. Якая будзе ваша цана?

– Не будзе нават мовы ні пра якую цану. Наш дом не прадаецца, – здзіўлена адказала Улянка.

– А ты што скажаш? – спытаў ён мяне.

– Папрашу звяртацца да мяне на вы.

– Я заплачу вельмі добра, можаш спытаць вось у іх, – і ён зноў паказаў на дом з сурфініяй на сцяне. – Сто тысячаў. Ну, дамовіліся?

Лялька-маладая не вытрывала, дастала з міскі катлету і пачала есці; яна заплюшчыла вочы, зрабіўшыся падобнай да расліны, якую паліваюць у спёку.

– Ты сумасшедший? – спытала Уляна.

– Я дзелавы чалавек. Мне трэба гэтая зямля. Сто дзесяць. Падумай, якія грошы, – ён як ацэньваючы акінуў вокам Уляну, – ты столькі за ўсё жыццё не атрымаеш. Уяўляеш, колькі за іх можна купіць? Гэта ж багацце, спадчына для дзяцей.

Кукаль гаварыў спакойна, ветліва, хоць і на «ты», але Улянка пачала закіпаць.

– Мае дзеці – не твой клопат. Дом не прадаецца, я ж сказала.

– Паслухай, ну гэтая старая розум згубіла, але ж ты ж сучасны чалавек? Чаго ўпарціцца? Купіце сабе многа лепшы дом у іншым месцы.

– Сам купі сабе дом у іншым месцы.

Ён прыўзняў брыво. З машыны выйшлі два высокія маладзёны; як у дурным фільме, далібог. Але голас Кукаля пакуль заставаўся роўным. Рухам стомленага чалавека ён пацёр лоб.

– Падумайце. Ну, застаняцеся вы тут… Якая вам карысць будзе сядзець пад плотам дома адпачынку? Адпачывальнікі, тое, гэтае, шум, гам… Падумайце над маёй прапановай. Тут будзе вялікі комплекс. Вось там – галоўны корпус, тут – бар, абсталюем крыніцу як след, купал надбудуем, расчысцім…

Трохі далей за пагоркам стаяў дом бацькі Толіка. Стары Ёвік даўно памёр, Толік жыў у прымах у Страдзічах, але тут трымаў гарод. Мусіць, пачуўшы ляскат дзверак, ён вызірнуў з хлява, дзе нешта парадкаваў і заспяшаў да нас, як быў, з віламі ў руках.

– Што ж, давайце так дамовімся, – падвёў рысу Кукаль. – Я дам вам на роздум дзеньдругі, але не цягніце, мне час дарагі. Не забывайце, грошы – яны ўсеагульны эквівалент, а з домам усякае можа быць… Ён старэе, рассыпаецца, шашаль яго точыць, згарэць можа, ці мала што…

Ён няспешна павярнуўся і, так і не падышоўшы да венеролага, больш не зірнуўшы ў наш бок, сеў у машыну, і «мерсэдэс» ад’ехаў.

– Тоўсты зноў наконт куплі дома прыязджаў? – пацікавіўся Толік, падыходзячы.

– Ты яго ведаеш?

– Бачыў. Бачыў, як ён прыязджаў да вашай бабы і яна яго адшыла – помніш, я гаварыў на памінках? – бачыў, як прыязджаў да бабы Лялькі – добрага здароўя, баба! – чуў, як яна прыкідвалася дурніцай…

– Што за ён?

– Дык бізнэсмен. Круты. У яго бізнэс у Берасці, рэстараны, месцы на рынку… Але, гавораць, асноўны даход яму прыносяць наркотыкі і прастытуцыя. Ён тут у нас асоба вядомая. Кароль. Ну і чагосьці ўцямяшылася яму купіць тут зямлю.

– І да цябе прыходзіў?

– Не, наш участак яму не патрэбны. Вось тут, на пагорку, каля крыніцаў ён хоча будавацца. Дом адпачынку, а на самай справе, гаварылі хлопцы на рабоце, будзе бардэль.

– Што-оо?

– Бардэль. Блядзюшнік.

Няма словаў, маўчанне.

– А што ж міліцыя, улады? – спытала я няўпэўнена.

Толік толькі паціснуў плячыма.

Лялька-маладая ўзяла з міскі кавалак шынкі.

– Ведаеш, – сказала Улянка, калі мы вярталіся дадому, – а вось у гэтага Івана быў матыў жадаць бабінай смерці. Магу сабе ўявіць іх размову з бабуляй. І, здаецца, ён з тых, каго сумненні і сумленні не мучаць.

– А сёння ў яго, як я разумею, з’явіўся матыў жадаць і нашай смерці. І гэта ўзаемна.

Узаемна? Я крывіла душой, праўды няма куды падзець.

На Іванавым твары адбіліся тайныя знакі. Ёсць твары пустыя. Ёсць твары, поўныя цяжкога насення. А ёсць твары, на якіх адбітыя тайныя знакі. Гэтыя – самыя прывабныя. Вось такі твар у Івана. Твар, пастава, непустыя вочы – я заўсёды рабіла выснову пра людзей з першага погляду. Мала хто з першага погляду спадабаўся мне так, як Іван. Канечне, мы не прадамо яму дом, але навошта Уляна гаварыла з ім так рэзка?

У чалавека з такім тварам можна закахацца, больш за тое, яго можна кахаць, – думала я, верная мужава жонка, моўчкі ідучы далінай побач з сястрой. Не веру ў тое, што пра яго плявузгаў Толік. Проста яму зайздросцяць.

Калі мы прыйшлі дадому, Улянін мабільнік, які яна забыла, надрываючыся, аж скакаў па кухні, а да плота падрульваў Ленчын бусік.

Улянка вярнулася ад тэлефона задуменная, патлумачыла:

– Мне трэба заўтра на адзін дзень у Менск, тэрмінова выклікаюць.

– Ну дык чаго ты кіснеш? З’ездзі, калі трэба.

– Нt хочацца тут вас пакідаць.

– А што, ёсць нейкія навіны? – пацікавілася Ленка. – Што тут у вас увогуле? Як справы?

– Ды без асаблівых пераменаў, – паціснула я плячыма, – можна сказаць.

– Ох, трэба пагаварыць, – Ленка зірнула на гадзіннік, – маю дзесяць хвілінаў. Перш за ўсё, Алка, ты больш неапазнаных лятальных аб’ектаў не бачыла? Ну там, смерці ці яшчэ якой жанчыны ў белым?

– Можаце лічыць мяне вар’яткай, але, калі ласка, не ў вочы! Гэта не глюкі! Я не была тады п’янай, я потым выпіла. І я бачыла нейкую мумію на мяжы. І хопіць ужо, Уляна, выстаўляць мяне на пасмешышча і рабіць з мяне дуру.

– Чаго ты расхадзілася? Я перадала Ленцы тое, што ты расказвала, яна спытала ў цябе… Хто тут робіць з цябе дуру? Ды нас тут ужо горшы за жанчыну ў белым візітант наведаў, – сястра павярнулася да Зарніцкай. – Гэты ўжо і мне ў вочы кінуўся.

– Літаральна? – узняла бровы Зарніцкая.

– Пакуль не, – і Улянка расказала пра размову з Іванам Міітрічам.

– Значыць, гэта праўда, – спахмурнела Ленка. – Мне казалі, што Кукаль хоча будаваць недзе цэнтр адпачынку, і я нават бачыла праект… Шчыра кажучы, нават чула, што ў Дабрацічах…

– Дык ты яго ведаеш? І ў яго сабак лечыш?

– У яго жывёлаў няма, але жыць у Брэсце і не ведаць Кукаля немагчыма.

– Раскажы.

– Ды асабліва няма чаго расказваць. Багаты. Заснаваў прэмію «Брастчанін года». Катэдж у яго ў Вычулках. Праўда, чуткі пра яго розныя ходзяць. Аднойчы ў кампаніі чула, як адзін такі Куля даводзіў, седзячы ў лазні, што Кукаль – галоўны туташні бандыт, прычым бандыт, так бы мовіць, беззаконны.

– А Куля – гэта хто?

– Кулееў яго прозвішча. Таксама цаца. Ён, бач ты, бандыт законны, развіў там у лазні цэлую тэорыю пра тое, што ва ўсе часы, пачынаючы ад княжых цівуноў, існавалі людзі, больш ці менш набліжаныя да дзяржавы, якія дапамагалі ёй рэгуляваць фінансавыя дачыненні паміж людзьмі… І ён, маўляў, займаецца гэтым, бо гэта патрэбна грамадству.

– Дык ён як гэта, крыша?

– Менавіта.

– І цябе крышуе?

– Не, я яму не па зубах, але не ў гэтым справа. Куля вяшчаў, што, маўляў, Кукаль зусім расперазаўся, зрывае дамовы, не трымае слова… Што ён падабраў пад сябе – шляхам брутальнага збіцця і нават забойства – і рэкеціраў на мяжы, і путанаў на менскай шашы, і наркату, што ў прыгарадных вёсках, ён арганізаваў немалую сетку прытонаў… Што з гэтага ўсяго, а зусім не з рэстаранаў і не з рынку, цякуць яго вялізныя даходы. Куля нават цішком распавёў, што менавіта Кукаль – замоўнік забойства Радыёнава. А, вы ж не ведаеце, мінулай вясной у нас адбылося жорсткае забойства: начальніка гарадской міліцыі Радыёнава знайшлі разам з маленькім сынам забітымі ў Льнянскім лесе. Забойцаў, канечне, не знайшлі, але пасля гэтага ў газетах перасталі з’яўляцца артыкулы пра тое, што вось мытнікі зноў знайшлі партыю наркотыкаў, а міліцыя накрыла відэацэнтр дзіцячай парнаграфіі…

Мы маўчалі. Шумелі сосны. Што тут будзеш гаварыць? Што тут скажаш? Зло віравала; ці быў Кукаль яго ачольнікам, ці не быў, а зло віравала, танчыла, балявала, падбіраючыся да нашай зямлі, якую Кукаль назваў грунтамі. Я б і саступіла, але побач са мной, на шляху гэтага дзікага танца, на парозе гэтай бальнай залы, стаяла сястра, і я ведала, што яна якраз не адыдзе. Ну а калі так, то і я буду побач з ёй.

– Не, Кукаль не падсыпаў бы ў каву кардыёстым, – пахітала галавой Ленка, калі Улянка прапанавала ёй гэтую версію. – Нават калі лічыць, што ён на такое здольны. Ён папросту падаслаў бы каго са сваіх ахоўнікаў – а іх у яго досыць – з нажом ці пісталетам – і справе канец. Хутка і надзейна. Тут нехта знаёмы, нехта, хто ведаў асаблівасці стану вашага здароўя…

– Але навошта? На якую халеру?

– А гэта ўжо, дзеўкі, не ў мяне пытайцеся, а ў сябе.

– Чуеш, а чаго ён так учапіўся за Дабрацічы, гэты Кукаль? Чаму яму менавіта тут закарцела будавацца? – спытала Уляна.

– А я знаю? У багатых свае капрызы: вось заманулася, і ўсё. Месца ля мяжы, недалёка ад трасы – на кліентаў спадзяецца. Дальнабойшчыкі там розныя, турысты… А можа, радовішча тут адшукаў нейкае. Нафту. Дык хоча купіць зямлю, пакуль ніхто не дазнаўся, я ведаю?

То ніц!

У задуменні, нага за нагу, брыла я на гарод, маючы ў руках матычку і вілы, а ў галаве – цвёрды намер давесці да ладу граду з трускаўкамі – як даніну памяці бабулі; бо па мне – то хай згараць яны ад гэтай пякельнай сушы, гэтыя трускаўкі, чым хутчэй, тым лепей… Сёння раніцай Улянка паехала ў Менск. У гарачцы збораў, кармёжцы клятай свінні (халера, ну нашто мне яна? – я ж, ясная справа, нават не змагу ўзяць у рот адбіўныя з гэтых тлустых сцёгнаў, бо буду памятаць гэтыя кемлівыя вочы!) я на нейкі час забылася на пытанні, якія займалі мяне ў апошнія дні, а вось цяпер, у адносна вольную хвіліну, па дарозе на гарод, яны зноў выплылі на паверхню, як бурбалкі балотнага газу з чорных нетраў. Прааналізаваўшы яшчэ раз усё, што адбылося, я вырашыла, што час ужо спалохацца і прыняць нейкія захады дзеля абароны сябе.

Раптам зза куста вывернулася на дарогу жанчына.

Спалохацца я паспела. А прыняць захады – не.

– Аксанка?! Як ты мяне напалохала! – я хацела з палёгкай уздыхнуць, але ўздых засеў мне ў горле.

Твар у яе быў жахлівы. Маска белай смерці. Калі спачатку я ўздрыгнула проста ад нечаканасці, то, прыгледзеўшыся, застрашылася менавіта таго, што кіпела ў яе вачах. Апошні раз мы бачыліся на пахаванні бабы, і тады, паабяцаўшы адна адной сустрэцца найбліжэйшымі днямі, рассталіся зусім мірна. Але цяпер яна была раз’юшаная, быццам вось толькі што, за хвіліну да гэтага, я нясцерпна яе пакрыўдзіла, зрабіла нейкую неймаверную шкоду, здрадзіла, забіла яе дзіця… Поўныя вусны аж скруціла ад злосці, а вялікія вочы звузіліся да шчалюбінаў.

– Ах ты, гадзіна! – ускрыкнула яна і моцна пхнула мяне ў грудзі.

Я ўпала ніцма, выпусціўшы з рук свой сельскагаспадарчы інвентар.

Аксанка схапіла маю цяпку, замахнулася зза пляча і секанула па мне. Я ў гэты момант ужо паднімалася, але адхіліцца не паспела – вострае лязо ўрэзалася мне ў спіну, пад лапатку. Гэта была старая бабуліна матычка, вастрынёй яна не саступала нажу: зробленая на замову кавалём адразу па вайне, з лёгкім альховым, адлякаваным часам тронкам.

Ад шоку, болю, нечаканасці я зноў упала.

– Аксанка, ты што!?

– Заб’ю! – Аксанка схапіла вілы.

Гавораць, у стрэсавыя, небяспечныя для жыцця моманты людзі набываюць неймаверную моц і спрыт і дзякуючы гэтаму выратоўваюцца. Можа быць. Але да мяне гэта не мае дачынення. Воля ў мяне занадта слабая – гэта я адчувала не раз. Фатальна адчула цяпер. Замест таго, каб крычаць, уцякаць, хоць нешта рабіць, я толькі няўцямна, да межаў магчымага расплюшчанымі вачыма глядзела на Аксанку, на ўзнятыя нада мной вілы і не магла нават варухнуцца.

Але памерці на дарозе ў гарод ад рук сяброўкі дзяцінства мне суджана не было.

Раптам твар яе перамяніўся, змякчэў, і я зразумела, што застануся жывой. З усяе сілы яна ўвагнала вілы ў пясок побач з маёй галавой і, выдыхнуўшы з нянавісцю: «Каб ты здохла, праклінаю цябе!» – знікла за кустом, як і не было.

Я здолела вырваць цяпку са спіны. Кроў на сталёвым лязе, як густая фарбагуаш.

Я страціла прытомнасць.

Далейшае памятаю ўрыўкамі.

Добра памятаю пясчынкі – маленькія валуны, белыя, залатыя, шэрыя перад маімі вачыма. Заклапочаны мураш у роздуме круціць вусікамі. Чырвоная пляма на пяску каля майго пляча.

Лялька-маладая. Закусіўшы губу, абсыпаная ружовай пудрай, з нафарбаванымі бураком шчокамі, яна сядзіць побач, выцягнуўшы загарэлыя да кален і малочныя вышэй ногі, малюе пальцам па чырвонай крывавай пляме і з цікавасцю разглядае мяне.

– Лялька, калі ласка, пакліч каго-небудзь, – з цяжкасцю разляпіўшы вусны, папрасіла я. – Скажы мацеры.

– У тую нядзелю мы былі ў царкве, – адказала Лялька. – І ў тамтую нядзелю.

Яна сядзела побач са мной, перасыпаючы са жменькі ў жменьку пясок… Рукі прыгожыя, тонкія…

Потым, памятаю, твар Ярашыхі качаўся нада мной, бы ў сіняй смузе – карычневы ад сонца твар, у рамцы белай хусткі, на тле высокага неба:

– …цярпі, Алка! То ніц, Алка, то ніц. Вочы не заплюшчуй! – але я, мусіць, заплюшчыла вочы.

Памятаю прэтэнзію фельчаркі з хуткай:

– Ну, разве можно было вырывать из раны мотычку? Ничего нельзя было трогать, – бурчэла яна, увішна перабінтоўваючы мне спіну.

У бальніцу першай да мяне прыляцела Зарніцкая.

– Ну, ведаеш, гэта ўжо перабор! – накінулася яна на мяне з парога. – Сяджу, нікога не чапаю, пачыняю прымуса, тут звоняць з бальніцы, што ты паступіла з сечанай ранай!

– Я папрасіла цябе паклікаць, – прашаптала я.

Ад лекаў, якіх мне шчодрай рукой тут адмералі, нямеў язык ды хіліла ў сон.

– Жывёлаў тваіх суседка гэтая, што цябе знайшла, Вера Мікалаеўна, сказала, пакорміць. Але што, дзеля Бога, з табой здарылася? Хто цябе так?

Я коратка расказала Ленцы пра напад Аксанкі, з якой яна, дарэчы, пару разоў сустракалася, падкрэсліўшы, што нічога не разумею ў прычынах такога экстравагантнага ўчынку і пакуль прашу яе, Ленку, шчыльна трымаць рот на замку на гэты конт.

– Экстравагантнага!? Яна ж магла цябе забіць! – Ленка рашуча абцягнула сваю чырвоную марынарку. – Значыцца, вось што! Вы можаце там што хочаце вытвараць, але заўтра, калі цябе выпішуць – а доктар кажа, што заўтра можна выпісаць, бо ў цябе галоўным чынам быў шок ад болю, а з яго цябе вывелі – я папрашу Хведзьку прывезці табе чатырох пітбультэр’ераў! Маўчы! Ён начэпіць іх на двары, дык хоць буду мець пэўнасць, што ніхто да цябе без тваёй згоды не даскочыць. Заадно патрымаеш іх, пакуль я не вярнуся, – бо мы заўтра ў адпачынак ў Польшчу, у Кастамалоты. – Раптам яе наведала новая думка. – І ведаеш што? Давай мы возьмем з сабой і Уляніных дзяцей!

Я, толькі выведзеная з шоку, ледзьве не ўпала ў яго назад.

– Ашалела! Столькі народу з сабой папрэш?!

– Ну і што? Казік з Лінай ужо не немаўляты, а мае кабылкі дык і зусім дарослыя. Ім там напэўна будзе цікава. Нас запрасіў мясцовы святар, ён арганізаваў у Кастамалотах невялікі скансен: экскурсіі па наваколлі, царква, якую пабудавалі адразу па прыняцці уніі, старыя дамы пад саламянымі стрэхамі… Нашы з лячэбніцы ўжо былі, проста ў захапленні засталіся. Ёсць што паглядзець. Рыбалка на Бугу, зноў жа. А то, як гаворыць мой муж, – горад над Бугам, горад над Бугам… а таго Буга ў вочы не пабачыш… Словам, звані Уляне, хай бяжыць да натарыуса афармляць дазвол на выезд. Хай дзеці лепш пабудуць за мяжой. Уляна як у вір скача, ты ў нешта такое ўляпалася незразумелае – давай пакуль патрымаем дзяцей далей ад роднай краіны.

Уляна павінна была прывезці ў Дабрацічы з Менска сваіх дзяцей, Ліну ды Казіка, але з улікам апошніх падзеяў іхняе знаходжанне ў Дабрацічах выглядала ўжо папросту небяспечным. Таму прапанова Зарніцкай прываблівала.

Ліна – хросніца ЗарынадБугам, і тая ставіцца да яе з асаблівай пяшчотай. Ды і наогул яна, хоць і носіць чырвоныя пінжакі і варочае мільёнамі, ставіцца з пяшчотай да ўсяго, што варушыцца – зрэшты, і да таго, што не варушыцца таксама. І дочкі яе, «кабылкі», такія ж, як мама. Замежныя пашпарты ў Уліных дзяцей былі – помніцца, і дазвол на выезд Уляна з Юркам афармлялі яшчэ на пачатку лета – словам, я прызнала, што гэта было б някепска, перагаварыла з сястрой, і Лена памчалася ўсё арганізоўваць, паабяцаўшы праз дзве гадзіны прыехаць яшчэ раз.

Але пра які вір гаварыла Зарніцкая? Што ў яго скача Уляна? Я не паспела гэтага абдумаць, бо мяне наведаў яшчэ адзін чалавек.

Конец ознакомительного фрагмента. Купить полную версию.

Примечания

1

Прыдуманая аўтарам асоба.

2

Прыдуманая аўтарам асоба.

3

Прыдуманая аўтарам асоба.

4

Прыдуманая аўтарам асоба.

5

Аглаедаў (абл.)

6

Апады фруктаў (абл.)

7

Прыдуманая аўтарам асоба.

8

Беларускае тэлебачанне, прыдуманы аўтарам тэлеканал.

9

Так называюць шчокі ў тых людзей, у каго замест твараў – морды (заўвага аўтара).

10

Прыдуманая аўтарам асоба.